Айчым Соф'і Сапега: "Спадзяёмся на Расію і паблажлівасць Лукашэнкі"

Соф'я Сапега / інстаграм

"Разумееце, хатні арышт — хоць і пакаранне, але часам гэта, можа быць, нават добра", — расказвае Еўрарадыё Сяргей Дудзіч, айчым абвінавачванай беларускімі ўладамі ў "распальванні варожасці" расіянкі Соф'і Сапега.

Дзяўчыну затрымалі 23 траўня ў Мінску разам з яе хлопцам — журналістам Раманам Пратасевічам — пасля нашумелай ва ўсім свеце пасадкі самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву. Спачатку яна сядзела ў СІЗА, потым пад хатнім арыштам.

Соф'я Сапега / інстаграм

Суразмоўнік Еўрарадыё кажа, што Соф'я вельмі прыгнечаная перспектывамі, якія адкрыліся. Яшчэ больш прыгнечаная яе маці. Што рабіць далей — пакуль незразумела, усе сямейнікі не знаходзяць сабе месца.

"Мы ўсё ж спадзяёмся на Расію і паблажлівасць Лукашэнкі", — дадае Сяргей Дудзіч.

З самага пачатку гэтай гісторыі ў Беларусі Соф'я праходзіла як падазраваная ў "арганізацыі масавых беспарадкаў", а таксама "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Дзяўчына нібыта адміністравала "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал, на якім публікаваліся звесткі сілавікоў.

Калі пройдзе суд над Соф'яй Сапега, пакуль невядома. Па словах консула, цяпер толькі пасля яго можна будзе абмяркоўваць умовы экстрадыцыі. Нагадаем, што ў Крамлі спачатку адхрышчваліся ад гэтай справы, але пазней паабяцалі зрабіць усё магчымае, каб правы грамадзянкі Расіі былі абароненыя.

"Улічваючы асаблівы характар нашых міждзяржаўных адносін, гэтая абарона правоў можа ажыццяўляцца ў самых розных фарматах, у самых розных рэжымах", — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.