Арганізатары фэсту "JAZZCPEDA" не баяцца канкурэнцыі

"Нам проста захацелася вывесці тую атмасферу, якая ёсць у "Графіці" ў межах нашай джаз-серады на больш вялікую пляцоўку, каб усе жадаючыя змаглі пабачыць не адзін-два гурты, якія выступаюць па серадах у нашым клубе, а значна больш" — тлумачыць адзін з арганізатараў фэсту Ян Бусел.

Нік Маторын: "То бок фестывапь "JAZZCPEDA" — гэта тая самая джаз-серада, якая адбываецца штотыдзень у "Графіці". І не варта разглядаць гэта як заяўку на "Фестываль № 1 па джазе" у Беларусі. Не! Мы такіх замоваў не рабілі і не збіраемся рабіць. Проста хочацца зладзіць добры джазавы фестываль на вялікай пляцоўцы і з беларускімі артыстамі".

Фестываль  "JAZZCPEDA"  мусіць доўжыцца 6 гадзінаў. Але сапраўдным аматарам джазу не будзе калі сумаваць, абяцаюць арганізатары — калектывы зусім розныя!

Ян Бусел:
"Канешне, 6 гадзінаў джазу цяжка высядзець у тым фармаце, ад якога мы спрабуем сысці — гэта фармат Дома культуры альбо любой іншай сідзячай залі. У нас жа ўсё будзе па-іншаму: стаміўся сядзець — падыйдзі да бара! Альбо можна будзе перакінуцца слаўцом з музыкамі, якія будуць знаходзіцца ў гэтай жа залі. Мы падбіралі, і складалі лайн-ап такім чынам, каб музыка была таксама рознай".

Так у першым джазавым фестывалі "JAZZCPEDA" возьмуць удзел вядомыя і яскравыя джаз-выканаўцы: Apple Tea, аркестр Аляксандра Ліпніцкага Symphonic Drive Orchestra, Chiefs Band і Real Jazz Band. Агулам, на фестывальную сцэну выйдзе больш за 50 музыкаў.

Ян Бусел: "Real Jazz Band, напрыклад,  будзе іграць цалкам аўтарскую праграму ў адрозенні  ад праграмы, якую яны прадстаўляюць на джаз-серадзе у "Графіці", калі музыканты змешваюць аўтарскія п’есы з джазавымі стандратамі. Chiefs Band, як вы ўсе ведаеце, бліжэй да фанк-джаза. Ну, і, канешне, Symphonic Drive Orchestra увогуле не прадказальныя і што атрымаецца пасля іх сэту, асабліва падчас джэм-сэйшну, прадказаць не магчыма".
 
Замежных гасцей да удзелу ў фэсце "JAZZCPEDA"   пакуль вырашылі не запрашаць.

Ян Бусел: "На дадзеным этапе можам сказаць адкрыта, што не асмелілісь запрашаць кагосьці з-за мяжы. Хапае і сваіх музыкантаў у Беларусі. Ды і нашай асноўнай мэтай было сабраць усіх беларускіх джазмэнаў у адным месцы".
 

Хэдлайнерам 1-га фэсту "JAZZCPEDA"   аб’яўлены Symphonic Drive Orchestra. Такі статус — вялікі гонар для каманды, адзначае кіраўнік аркестра  Аляксандр Ліпніцкі.


                                                           Аляксандр Ліпніцкі

А.Ліпніцкі: "Я вельмі рады зноўку прыняць удзел у адным з праектаў "Графіці". Адмыслова для гэтага фестывалю аркестрам будзе падрыхтавана гадзінная сур’ёзная праграма з элементамі шоў. Гэта будзе добры джаз і папулярная музыка, натуральна — жывы гук і полны бэнд. Да таго ж у аркестра ёсць вакальны блок і мы рыхтуем праграму, прысвечаную каралю поп-музыцы — Майклу Джэксану. Асабіста для мяне гэта вялікі гонар далучыцца да геніальнай творчасці спевака".
 
Паўдзельнічаць у традыцыйным для джазавых канцэртаў джэме напрыканцы фестывалю змогуць не ўсе прысутныя ў залі музыканты, як гэта звычайна здараецца, а толькі заяўленыя ўдзельнікі фэсту:

Ян Бусел: "На джэм будуць запрошаныя спецыяльныя госці: магчыма тыя, каго запросіць Аляксандр Ліпніцкі, таму што джэм будзе праходзіць разам з Symphonic Drive Orchestra. Колькасць удзельнікаў джэму будзе вызначанай, але не агучанай — гэта сюрпрыз для ўдзельнікаў фэсту".

Варта адзначыць, што квіткі ўжо паступілі ў продаж і, паводле словаў арганізатараў, даволі актыўна раскупаюцца.

Нік Маторын: "Мы чакаем, што будзе аншлаг, бо назіраем вялікую  цікаўнасць да гэтага мерапрыемства усіх беларускіх каналаў. Шмат замоваў на квіткі паступае да нас з рэгіёназ Беларусі. То бок ужо зараз продаж квіткоў дазваляе сказаць, што будзе аншлаг".

Акрамя названых выканаўцаў у фестывалі паўдзельнічаюць  і адмысловыя госці, імёны якіх арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.
Плануецца, што фестываль "JAZZCPEDA" наведаюць каля 600 чалавек.

Фота: Thorwin

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі