Апазіцыянеры прапануюць ЕС увесці індульгенцыі для беларускіх чыноўнікаў?

Прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху збіраюцца прапанаваць Еўрасаюзу ўвесці падатак “на патрэбы дэмакратыі ў Беларусі”, а таксама індульгенцыі для беларускіх чыноўнікаў. Такая прапанова не толькі прагучала на нядаўняй канферэнцыі ў Вільні, але і разглядалася спецыяльнай рабочай групай (адзначым, што ў яе складзе быў і палітолаг Андрэй Суздальцаў, дэпартаваны з Беларусі ў Расію). Канферэнцыя мела назву "Грамадзянская супольнасць і магчымасці дэмакратычных пераменаў у святле будучай парламенцкай кампаніі 2008 года". Яна праходзіла 16-17 лістапада.

Пра тое, якія пытанні яе прадстаўнікі паставілі на пленарным паседжанні, Еўрарадыё распавёў выконваючы абавязкі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч:

“Пажадана паставіць перад Еўрасаюзам пытанне аб тым, ці будзе Беларусь у Еўрасаюзе праз 5, 10, 15, 20 гадоў. Каб ЕС канкрэтна адказаў на пытанне і сказаў, што для гэтага трэба рабіць. Таксама ўзнікла пытанне падтрымкі дэмакратычных арганізацый, рухаў у Беларусі”.

Быў прапанаваны варыянт, каб з кожнай прададзенай Беларуссю ЕС тоны нафты ці калійнай солі адзін долар “кропаў” у фонд падтрымкі дэмакратычных сілаў. Вось як ацаніў у інтэрв’ю Еўрарадыё гэты праект эканаміст Леанід Заіка:

“Прапанаваныя апазіцыяй праекты аб збіранні дадатковых падаткаў на прадукцыю, якая экспартуецца з Беларусі, адносіцца да шэрагу “фантазійных праектаў”…

Праўда, калі фігуральна выказвацца, новыя тарыфы на газ і нафту, цэны з экспартнымі пошлінамі – гэта расійскі падатак на аўтарытарызм”.

Тым часам, праект быў перададзены ў планава-аналітычную групу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Далей яго мусіў разглядаць прэзідыюм АДС. Аднак вось што кажа Валерый Ухналёў, прысутны на паседжанні, якое адбылося 28 лістапада:

“Я быў на паседжанні, але там не было разгляду такога пытання. Агучвалася інфармацыя пра тое, як прайшла канферэнцыя ў Вільні. Але такога я не чуў”.

Ніхто з апазіцыянераў дакладна не падлічваў, колькі ж грошай мог бы сабраць падатак “на дэмакратыю ў Беларусі”, але ўсе адзіныя ў тым, што сума была б унушальная. У гэтым перакананы і эканаміст Леанід Заіка:

“На 6 мільярдаў долараў Беларусь экспартуе нафтапрадуктаў у краіны Еўрасаюза. Калі 1 долар з адной тоны нафты, то некалькі дзесяткаў мільёнаў долараў збярэцца”.

Як высветлілася, на віленскай канферэнцыі паўстала яшчэ адна цікавая прапанова. Пра яе Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык:

“Такія зрабіць аблігацыі, і каб яны неяк маглі распаўсюджвацца. Каб любы чыноўнік мог купіць сабе нейкую індульгенцыю за пэўныя грошы. І потым жыць больш-менш спакойна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі