Апазіцыянераў у мінскім выцвярэзніку здымалі на відэа

Правакацыяй назваў намеснік старшыні Партыі камуністаў Валерый Ухналёў учорашняе затрыманне ў Мінску яго і намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча. Нагадаем, Івашкевіч з сябрамі адзначаў у кавярні на сталічнай вуліцы Чырвоная свой дзень народзінаў. Калі яны выходзілі на вуліцу, нечакана пад’ехаў аўтобус са спецназаўцамі, якія затрымалі Ухналёва і Івашкевіча і адвезлі іх у выцвярэзнік.

Спачатку на палітыкаў склалі пратаколы, што яны знаходзіліся ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Валерый Ухналёў сцвярджае, што п’янымі яны не былі. Пасля міліцыянты каля трох гадзінаў чакалі загаду, што ж рабіць з затрыманымі.

Пра тое, што адбылося далей, “Еўрарадыё” распавёў Валерый Ухналёў:

“Таму што Сацыяльны марш, аргкамітэтам якога я кірую, яшчэ далёка, а Еўрапейскі марш ужо блізка, яны прыдумалі і напісалі новы пратакол.

Паводле яго, Віктар Івашкевіч, нібыта, распаўсюджваў у медвыцвярэніку інфармацыю пра тое, што будзе пакуль несанкцыянаваны ўладамі “Еўрапейскі марш”.


Пасля гэтага Ухналёва адпусцілі, а Івашкевічу паведамілі, што ён затрыманы да суда. Суд мусіць адбыцца сёння ў Першамайскім судзе сталіцы.

Вось як ацэньвае ўчорашні інцыдэнт Валерый Ухналёў:

“Улады пачалі прэвентыўныя мерапрыемствы, каб заглушыць тую хвалю, якая пачалася па падрыхтоўцы Еўрапейскага і Сацыльнага маршаў. Таму учорашняя правакацыя, якую яны зрабілі - гэта падрыхтаваныя дзеянні”.

Адзначым, што ўвесь час знаходжання апазіцыянераў у выцвярэзніку вяліся відэаздымкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі