Аляксандр Мілінкевіч рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў

Пра сваю гатоўнасць удзельнічаць у іх ён заявіў на Беларускім еўрапейскім форуме. Фотарэпартаж+онлайн






***
Прывесці Беларусь у Еўрасаюз. Прамова Аляксандра Мілінкевіча на Беларускім Еўрапейскім Форуме

***
У Палацы культуры Мінскага аўтазавода 14 лістапада прайшоў Беларускі Еўрапейскі форум

Мэта Беларускага еўрапейскага форума — падтрымаць “вяртанне Беларусі ў Еўропу”, адзначыў у размове з Еўрарадыё адзін з арганізатараў мерапрыемства Юрась Губарэвіч:

“Сёння тут сабраліся абсалютна розныя людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, якіх яднае збольшага адна мэта – гэта тое, што яны бачаць Беларусь еўрапейскай краінай. І наша задача паказаць, што такіх людзей шмат, што яны прадстаўляюць у значнай ступені беларускае грамадства, настроі якога таксама мяняюцца апошнім часам. І яны згодны працаваць разам на шляху вяртання Беларусі ў Еўропу”.

Павел Севярынец расказаў Еўрарадыё, што той вобраз Беларусі, які дэмакратычныя сілы прапануюць на форуме, будзе адрознівацца і ад вобраза дзейнай улады, і ад вобраза Еўропы, і ад вобраза Масквы/

Севярынец: “Гэта будзе беларускі вобраз. Мы прапаноўваем свой вобраз Беларусі, адрозны ад таго, што ёсць у Лукашэнкі, што ёсць у Еўропы, і што ёсць у Масквы. Беларусь згрунтаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях, на незалежнасці, на прынцыпах свабоды і дэмакратыі.
Ведаеце, 18 год таму, восенню 91 года Беларусь стала незалежнай. 18 год – гэта ўзрост паўналецця, і таму нам трэба зараз, як любы чалавек у 18 год выбірае далейшы шлях жыцця, так і нам беларусам трэба зараз выбраць, куды мы ідзем”.

Беларускі еўрапейскі форум праводзіўся шэрагам апазіцыйных рухаў і аб'яднанняў і прыцягнуў 1063 дэлегата з усёй Беларусі. А з улікам гасцёў на форуме прысутнічала больш за 1200 чалавек. У фае Палацы культуры Мінскага аўтазавода можна было сустрэць людзей з розных куткоў Беларусі.

Еўрарадыё: Скажыце, адкуль вы прыехалі, з якой мэтай, і чаго чакаеце ад гэтага мерапрыемства?

- Мы прадстаўнікі гарадзеншчыны, прадстаўнікі партыі беларуская хрэсціянская дэмакратыя, мы сюды прыехалі, таму што нам неабыякавы лёс нашай Беларусі. Мы хочам, каб наша краіна жыла з Богам. І калі нам трэба яднацца з Еўропай, то толькі на хрысціянскіх прынцыпах, і гэтыя прынцыпы мы сюды прыехалі абараняць.

- Я з Мінску, сюды прыйшла перадусім таму, што ў нашай краіне ідзе змаганне не толькі за нацыянальныя каштоўнасці, у нашай маленькай краіне ідзе змаганне за вялікую Еўропу. Я думаю тут будуць спробы наблізіцца да вырашэння гэтай праблемы, а я тут да таго ж таму, што хачу сустрэцца са сваімі добрымі сябрамі і знаёмымі.

- Мы з Наваполацку. Чаму мы тут? Мы падтрымліваем рух Беларусі ў Еўропу, хочам, каб гэта быў рух еўрапейскі. Справа ў тым, што ўлады таксама ідуць у Еўропу, але яны ідуць зусім іншым шляхам. Мы як апазіцыя, павінны сказаць сваё слова, што мы таксама рухаемся ў Еўропу, але рухаемся інакш, чым улады.

Тое што Беларусь і Еўрасаюз па-рознаму бачаць рух нашай краіныі ў Еўропу вынікала нават з прывітальных словаў некаторых удзельнікаў. Так дэпутат Еўрапарламента Вітаўтас Ландсбергіс у відэазвароце да ўдзельнікаў форуму паведаміў, што бачыць ролю Беларусі ў пабудове моста паміж Еўрасаюзам і Расіяй. З такой роллю Беларусі не пагадзіўся лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён зазначыў, што трэнд "моста ў Еўропу", які трывала замацаваўся за Беларуссю праз уплыў Расіі на знешнюю палітыку нашай краіны, маральна састарэў/

Аляксей Янукевіч: "Мы не хочам больш быць мостам у Еўропу. Мост – гэта кепскі варыянт, таму што, калі ты з’яўляешся мастом, гэта значыць, што табой увесь час карыстаюцца іншыя. Мост — гэта прахадны двор, толькі вузкі... Нашая задача цяпер — даць ясны сігнал нашым еўрапейскім сябрам — Бог даў беларусам быць у Еўропе, быць часткай Еўропы. І мы не мусім і не хочам шукаць для сябе іншага лёсу”.

***
Мілінкевіч заявіў пра гатоўнасць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч заявіў аб гатоўнасці ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года.


Выступаючы на Беларускім еўрапейскім форуме, ён выказаўся за дыялог з уладамі. "Палітыка ізаляцыі сябе не апраўдала. Я лічу, што любое пашырэнне кантактаў Беларусі і Еўропы, ці на ўзроўні ўлады, грамадскіх аб'яднанняў ці персанальных кантактаў, дае штуршок Беларусі ў Еўропу", — цытуе словы Мілінкевіча БелаПАН.

Пры гэтым палітык адзначыў, што дыялог з уладай магчымы "толькі з цвёрдымі ўмовамі аб дэмакратызацыі Беларусі".

***

Адзін з арганізатараў Беларускага еўрапейскага форума Віктар Карняенка

***
Губарэвіч: Беларускі еўрапейскі форум можна назваць удалым

Зміцер Шаўчук

Гэта ў размове з Еўрарадыё адзначыў адзін з арганізатараў мерапрыемства Юрась Губарэвіч. Акурат у гэты час ідзе трэцяя панельная дыскусія, прысвечаная грамадству.

Губарэвіч: “Па заканчэнні трэцяй часткі мы плануем перайсці да прыняцця выніковай рэзалюцыі. Працавала рэдакцыйная камісія, паступілі пэўныя праўкі. Аднак з большага дэлегаты форума пагаджаюцца з той праграмай, якая была прапанаваная аргкамітэтам. Пасля гэтага чакаецца завяршальны падсумавальны выступ кіраўніка аргкамітэта Беларускага Еўрапейскага Форума Аляксандра Мілінкевіча”.

Па словах Юрася Губарэвіча, сярод дэлегатаў Форума не аказалася ніводнага прадстаўніка ўлады.

Губарэвіч:
“Магчыма, яны адчуваюць сваю пэўную віну за тое, што паставілі, фактычна, у нязручныя ўмовы усіх дэлегатаў Форума. Магчыма — гэта праява пэўнай асцярожнасці. Аднак я не выключаю, што пэўнае супрацоўніцтва, асабліва па тых пунктах праграмы, якія будуць сёння прынятыя, паміж намі і ўладай — абсалютна магчымае”.

***


***
Еўрадэпутат Вортман-Кооль: Еўрасаюз не бачыць сур'ёзных зменаў у Беларусі

Еўрасаюз не бачыць сур'ёзных зменаў у Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла віцэ-старшыня фракцыі Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Карын Вортман-Кооль, якая ўдзельнічае ў Беларускім еўрапейскім форуме.

Па словах еўрадэпутаткі, галоўная мэта ЕС — прынесці ў Беларусь еўрапейскія каштоўнасці і правы чалавека. Для ЕС важна не толькі эканамічнае супрацоўніцтва, але і агульныя каштоўнасці, таму Еўрасаюз будзе мець з Беларуссю шчыльныя адносіны толькі калі ўбачыць, што беларусы жывуць свабодна.

Вортман-Кооль зазначыла, што беларускія ўлады дэкларуюць тыя ж мэты — збліжэнне з ЕС і дэмакратызацыя. Але за словамі павінны ісці змены, дадала еўрадэпутатка. На яе думку, у беларускіх уладаў ёсць усе магчымасці стаць на шлях дэмакратычных пераўтварэнняў.

Вортман-Кооль паведаміла, што ЕС прапаноўвае афіцыйнаму Мінску ўключыць роўную колькасць дэпутатаў і прадстаўнікоў апазіцыйных партый у беларускую дэлегацыю парламенцкай асамблеі палітыкі Ўсходняга партнёрства — ЕўраНЭСТ.

***
Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек: У будучыні Беларусь будуць звязваць з Еўропай самыя цесныя сувязі

У будучыні Беларусь будуць звязваць з Еўропай самыя цесныя сувязі. Пра гэта заявіў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек у відэазвароце да дэлегатаў Беларускага еўрапейскага форуму, што праходзіць 14 лістапада ў Мінску.

Паводле яго слоў, Беларусь "з'яўляецца еўрапейскай дзяржавай, часткай еўрапейскай сям'і". "Ваша гісторыя, каштоўнасці — найлепшае гэтаму пацвярджэнне", — сказаў Бузек. Пры гэтым ён адзначыў, што "рух Беларусі да дэмакратыі, выканання правоў чалавека пакуль недастатковы".

Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан на адкрыцці мерапрыемства заявіў, што бачыць у правядзенні Беларускага еўрапейскага форуму спосаб аб'яднаць прыхільнікаў ідэі збліжэння Беларусі з Еўропай. "У Беларусі ёсць шмат людзей, якія бачаць сваю краіну ў Еўрасаюзе. Яны ёсць і ва ўладзе, і ў бізнесе, і сярод звычайных людзей", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч паведаміў дэлегатам форуму, што не толькі Беларусь мае патрэбу ў Еўропе, але і ЕС — у Беларусі. "Няпраўда, што Еўрасаюз дыктуе і навязвае вялікія патрабаванні Беларусі. Мы нічога не дыктуем. Але мы чакаем, што беларускаму народу будзе дадзена больш свабоды, у краіне будзе больш павагі да правоў чалавека", — сказаў ён.

Дэпутат Еўрапарламента Вітаўтас Ландсбергіс у відэазвароце да ўдзельнікаў форуму паведаміў, што бачыць ролю Беларусі ў пабудове моста паміж Еўрасаюзам і Расіяй. "У гэтым можа праявіцца гістарычная місія беларускага народа", — лічыць ён.

Перад дэлегатамі непасрэдна на форуме, а таксама пры дапамозе відэазваротаў выступілі і іншыя еўрапейскія палітыкі. У той жа час, як паведамілі арганізатары мерапрыемства, на форуме не змог прысутнічаць член камітэта па міжнародных справах сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс, якому не ўдалося атрымаць беларускую візу, інфармуе БелаПАН.


***


Выступае Павел Севярынец

***
Янукевіч на Еўрапейскім форуме: Мы не хочам быць мостам у Еўропу!

Наста Ігнатовіч

У Палацы культуры Мінскага аўтазавода 14 лістапада праходзіць Беларускі Еўрапейскі форум. Гэтае мерапрыемства, што праводзіцца шэрагам апазіцыйных рухаў і аб'яднанняў, прыцягнула 1063 дэлегата з усёй Беларусі. А з улікам гасцёў на форуме прысутнічае больш за 1200 чалавек.

Мэта Беларускага еўрапейскага форума — падтрымаць паварот Беларусі ў бок Еўрапейскага саюза, паспрыяць таму, каб еўрапеізацыя Беларусі зрабілася незваротнай, а таксама мабілізаваць прыхільнікаў і аб'яднаць патэнцыял беларускіх праеўрапейскіх сіл.

Сярод тых, хто выступіў на Беларускім еўрапейскім форуме з прывітальнымі словамі, быў і лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён зазначыў, што трэнд "моста ў Еўропу", які трывала замацаваўся за Беларуссю праз уплыў Расіі на знешнюю палітыку нашай краіны, маральна састарэў:

Аляксей Янукевіч: "Мы не хочам больш быць мостам у Еўропу. Мост — гэта прахадны двор, толькі вузкі... Нашая задача цяпер — паказаць Еўропе, што мы гатовыя сябраваць ў Еўрапейскім саюзам і гатовыя да паўнавартаснага супрацоўніцтва".




***
У Мінску распачаўся Беларускі Еўрапейскі Форум

Зміцер Шаўчук

Сёння а 9-й раніцы ў памяшканні сталічнага палацу культуры МАЗ распачаў працу Беларускі Еўрапейскі Форум. Як паведамляе Наста Ігнатовіч, усе месцы ў залі занятыя, міліцыі амаль незаўважна, а сярэдні ўзрост удзельнікаў нават цяжка вызначыць:

Наста Ігнатовіч: “Людзей сапраўды даволі шмат. І нават цяжка сказаць, каго больш: моладзі ці людзей больш сталага ўзроста. Вельмі разнастайная аўдыторыя сабрался на Форум. Па колькасці вельмі цяжка сказаць, аднак усе месцы ў залі амаль што занятыя. Вельмі шмат дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі”.

Нагадаем, мэтамі Беларускага Еўрапейскага арганізатары вызначылі рашэнне падтрымаць паварот Беларусі ў бок Еўрапейскага Звязу, зрабіць незваротнымі працэсы еўрапеізацыі Беларусі, мабілізаваць прыхільнікаў і аб’яднаць патэнцыял беларускіх праеўрапейскіх сілаў.


Аляксандр Мілінкевіч і пасол Літвы Эдмінас Багдонас


Паводле звестак арганізатараў, з улікам ганаровых гасцей і запрошаных замежных палітыкаў у форуме бяруць удзел прыкладна 1200 чалавек


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі