Якія акадэмічныя свабоды ёсць у Беларусі

Акадэмічныя свабоды, універсітэцкая аўтаномія, ўдзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам — асноўныя прынцыпы Балонскага працэсу, у які Беларусь не прынялі ў 2012 годзе. Наступную нашу заяўку мусяць разгледзіць у 2015. Ці пабольшала акадэмічных свабод за гэтыя тры гады.

“У нас ёсць студэнцкія Саветы пры кожным факультэце, ёсць старшыня студэнцкага Савета ўніверсітэта. Яны могуць выходзіць са сваімі прапановамі на адміністрацыю. Яны ў навуковай працы ўдзельнічаюць са сваімі праектамі, у валанцёрскіх праграмах, у будаўнічых атрадах”, — апісваюць уплыў студэнтаў ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Але ніводнай лёсавызначальнай прапановы ад студэнтаў тут прыгадаць не могуць.

Палескі ўніверсітэт нават дазваляе студэнтам кіраваць сваім факультэтам, але толькі адзін дзень.

“На кожным факультэце ёсць дзень, калі студэнты кіруюць. На “банкаўскай справе” такое будзе 27 кастрычніка. Пэўныя элементы ёсць. У плане аўтаноміі выкладчыцкага складу, хацелася б, каб кафедра вырашала ўсё. Але не можа быць толькі аднаго ўніверсітэта ў межах Балонскага працэсу, без прававой асновы”, — тлумачаць у адміністрацыі. У гэтым універсітэце спадзяюцца на хуткія змены і нават рыхтуюць прапановы ў Мінадукацыі.

У адміністрацыі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, адкуль летась звольнілі выкладчыкаў Вячаслава Шведа, Андрэя Чарнякевіча і Іну Соркіну ўзгадваюць пра акадэмічную аўтаномію для выкладчыкаў:

“Выкладчык аўтаномны у выбары методык навучання, у выбары складу прадмета. ВНУ тысячы гадоў падтрымліваюць традыцыі калектывізму, яны ж былі створаныя як вольнае аб’яднанне настаўнікаў”.

Тут студэнты ўваходзяць у Савет універсітэта, а таксама размяркоўваюць сродкі на аздараўленне. Толькі вось на гэты год Савет універсітэта не сфармаваны, ніякай інфармацыі пра гэта на сайце ВНУ.

ЕГУ мае свой орган упраўлення студэнтаў — студэнцкае прадстаўніцтва. Але на канфлікт Сената і адміністрацыі ўніверсітэта паўплываць студэнцтва не змагло. Некалькім выкладчыкам не падпісалі дамовы на супрацоўніцтва.

“Калі звольнілі Паўла Церашковіча і быў адкрыты ліст ад студэнтаў, пад ім падпісаліся 325 чалавек, але яго не аднавілі на працы. Нас паслухалі, але не зрабілі так, як мы хацелі. Пасля мы пісалі лісты ў адміністрацыю і кіраўнічую Раду, але я б не сказала, што яны на нешта паўплывалі. З іншага боку, калі пытанні больш тычацца акадэмічнай сферы, то наша меркаванне прымаюць да ўвагі”, — прызнае прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Марыя Сляпцова.

Савет БДУ мае ў сваім складзе 12 студэнтаў, лідараў грамадскіх аб’яднанняў. Тут студэнты займаюцца засяленнем, адказваюць за ўзнагароды і нават кантралююць якасць адукацыі.

“Ёсць студэнцкі Саюз БДУ, ёсць студэнцкі Савет па якасці адукацыі, таксама Савет стараст і каардынацыйны Савет студэнцкіх саветаў інтэрнатаў. Калі ў Савеце ўніверсітэта разглядаюцца пытанні студэнцкага кіравання, запрашаецца яшчэ да 20 студэнтаў”, — пералічваюць у адміністрацыі БДУ. І прыгадваюць апошнюю прапанову студэнтаў, якая была ўхваленая на Савеце ўніверсітэта — стварыць савет калегіяльнага кіравання студэнтаў, які будзе каардынаваць усё студэнцкае кіраванне. Гэты Савет, сярод іншага, будзе вырашаць, каму плаціць іменную стыпендыю.

“Я ведаю хлопцаў са студсаюза, але не ўпэўненая, што яны на нешта ўплываюць. Хутчэй, кантачаць з дэканатам, арганізоўваюць нешта, дазволы бяруць”, — кажа пра самакіраванне студэнтка БДУ Ганна.

Адна са студэнтак іншага ўніверсітэта нечакана адмаўляецца гаварыць пра студэнцкае самакіраванне і акадэмінчыя свабоды, “а то могуць адлічыць”. З 10 студэнтаў розных ВНУ, да якіх звяртаецца Еўрарадыё, ніхто не можа сказаць, як можна ўплываць на адміністрацыю.

“Якая аўтаномія для выкладчыкаў, не магу дапрасіцца, каб расклад зручны паставілі”, — адразу кажа малады выкладчык з эканамічнага ўніверсітэта Аляксей. Але прызнае, што методыкі выкладання можа абіраць сам выкладчык.

“Самая галоўная праблема, што паралельна займацца і выкладаннем і навукай складана. У ВНУ высокія нагрузкі, больш, чым у еўрапейскіх. На стаўку амаль ніхто не працуе. Графік тваёй працы зацвярджаецца “зверху”, спецыяльна яго падганяць пад цябе ніхто не будзе. Можа быць так, што ўвесь дзень разбіты”, — прыводзіць прыклад Аляксей.

З апошняй заяўкі на ўступленне ў Балонскі працэс амаль нічога не змянілася, ацэньвае сябра грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў. На яго думку, у беларускіх ВНУ не з’явілася ні студэнцкае кіраванне, ні акадэмічная аўтаномнасць.

“У нас няма структуры, якая прадстаўляе студэнтаў. Ёсць прафкамы, ёсць Саветы ў інтэрнатах, але як яны фарміруюцца? Няма агульнага студэнцкага самакіравання. За органы студэнцкага кіравання выдаюць БРСМ. Мінадукацыі выдае студсавет БРСМ за студэнцкі орган самакіравання. Пры гэтым іншыя арганізацыі не рэгіструюцца. Як, напрыклад, “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”, якое было ліквідаванае судом у 2001 годзе.”

Кодекс Аб адукацыі, які быў прыняты ў 2011 годзе, не ўзгадвае пра студэнцкае самакіраванне наогул. А прафесарска-выкладчыцкі склад працуе ва ўніверсітэтах на кантрактах, якія могуць быць скасаваныя адміністарцыяй, працягвае Уладзімір Дунаеў. Наступную заяўку на уступленне Беларусі ў Балонскі працэс разгледзяць у  2015 годзе.

Фота:lifeslines.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі