Вы тут

Афганскі крыз: як прыход да ўлады "Талібана" паўплывае на Беларусь?

Талібы ў Афганістане / Reuters

15 жніўня "Талібан" заявіў, што яны цалкам кантралююць Афганістан. Апошняй пала сталіца краіны — Кабул. Замежнікі і мясцовыя, якія супрацоўнічалі з НАТА, у спешцы спрабуюць пакінуць краіну.

Транспарту не хапае, людзі заскокваюць на шасі ў надзеі зачапіцца і нейкім чынам вылецець з краіны. Па ўсім свеце ўжо разляцеліся кадры людзей, якія падаюць з самалёта, што ўзляцеў. "Талібан" захапіў Афганістан за лічаныя тыдні, практычна не сустракаючы супраціву.

Усё гэта адбылося пасля таго, як ЗША вывелі адтуль войскі. Што чакае рэгіён і ўсіх нас у сувязі з гэтым? Еўрарадыё паглядзела, як прыход да ўлады "Талібана" паўплывае на Беларусь.

Крызіс у Афганістане / Reuters

Мода на "Талібан"
 

Эксперт расійскага Цэнтра вывучэння сучаснага Афганістана Андрэй Сярэнка лічыць, што цяпер быць талібам стане модна і непазбежна варта чакаць росту колькасці паслугачоў гэтага руху: "Гэта магутная рэклама джыхадызму па ўсім свеце. Збоку выглядае так, што джыхадысты атрымалі перамогу над звышдзяржавай, паставілі яе на калені. Цяпер "Талібан" становіцца модным джыхадысцкім брэндам. Абсалютна дакладна варта чакаць моды на "Талібан" у Расіі, на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі. Быць талібам стане модна.

Тут яшчэ трэба памятаць, што, у адрозненне ад "Ісламскай дзяржавы", "Талібан" нікога масава не кліча ў Афганістан. Нікуды пераязджаць не трэба. Гэта джыхад па месцы жыхарства. Цалкам можа скласціся сітуацыя, што вы выйдзеце з пад'езда і наткняцеся на таліба",расказаў эксперт у інтэрв'ю Meduza.io.

Крызіс у Афганістане / Reuters

Рост колькасці мігрантаў
 

З прыходам да ўлады "Талібана" адбудзецца новы віток павелічэння колькасці афганскіх уцекачоў. Наплыў мігрантаў павялічыцца, па-першае, праз людзей, якія ўцякаюць з тэрыторыі баявых дзеянняў і ад вайны, па-другое, бягуць афганцы, якія супрацоўнічалі з амерыканцамі, а па-трэцяе, праз тых, хто не гатовы жыць у краіне, якая здзейсніла рэзкі паварот са свецкага грамадства ў рэлігійна-кансерватыўнае.

У пачатку ліпеня амерыканцы звярнуліся да Таджыкістана, Казахстана і Узбекістана з просьбай прыняць дзевяць тысяч жыхароў Афганістана, якія супрацоўнічалі з імі. І гэта толькі малая частка.

Па звестках Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Агенцтва ААН па справах бежанцаў, з пачатку 2021 года амаль 400 000 чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы, далучыўшыся да прыкладна 2,9 млн афганцаў, якія застаюцца ўнутрана перамешчанымі асобамі ў сваёй краіне.

Афганскіх мігрантаў у апошні час даволі часта затрымлівалі польскія памежнікі на беларуска-польскай мяжы. Магчыма, варта чакаць павелічэння колькасці транзітных афганскіх мігрантаў у Беларусі. Але яны не змогуць трапіць у ЕС і, магчыма, будуць вымушаныя затрымацца ў Беларусі.

Крызіс у Афганістане / Reuters

Страта экспарту
 

У 2021 годзе закрыты экспарт (звычайна гэта зброя, каштоўныя металы, авіяцыя і тытунёвыя вырабы) у Афганістан дасягнуў нейкіх вар'яцкіх лічбаў: за шэсць месяцаў у гэтую сярэднеазіяцкую краіну было прададзена тавараў на 113,2 мільёна долараў. З іх па закрытых пазіцыях прайшло 112,7 мільёна — гэта 99,5% усяго беларускага экспарту.

У 2020 годзе пастаўкі па закрытых пазіцыях у Афганістан склалі 89,4% усяго экспарту, або 164,1 мільёна долараў, пры агульным экспарце на 183,4 мільёна. Закрытыя пастаўкі ў гэтую краіну раптам пачалі расці ў апошнія тры гады: у 2018 годзе яны склалі — 4,87 мільёна долараў, у 2019-м — 66,9 мільёна. Аднак што менавіта Беларусь экспартуе ў Афганістан — невядома.

Ваенны эксперт Ягор Лебядок лічыць, што за такімі сумамі можа хавацца як гандаль зброяй, так і масавыя пастаўкі тытунёвых вырабаў: "У красавіку 2019 года падпісана пагадненне паміж урадамі дзвюх краін аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Паводле звестак SIPRI, доля імпарту ўзбраенняў Афганістана з Беларусі склала 1% [каля 30 мільёнаў у 2019 годзе]. Магчыма, у 2020 годзе аналагічныя здзелкі працягнуліся, паколькі такія вялікія сумы ў частцы ўзбраенняў звязаныя з пастаўкамі авіятэхнікі, сістэм ППА і ракетных комплексаў",тлумачыць ваенны эксперт Ягор Лебядок.

Эксперт мяркуе, што з прыходам да ўлады "Талібана" двухбаковае пагадненне аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое цяпер ёсць паміж Беларуссю і Афганістанам, можа спыніць дзеянне: "Вядома, "Талібан" таксама мае патрэбу ва ўзбраенні, але тут цікавыя моманты з'яўляюцца. Не факт, што ў нас з "Талібанам" ёсць хоць якія кантакты, г. зн. спатрэбіцца час. Але такія кантакты, нягледзячы на прызнанне тэрарыстычнай арганізацыяй, ёсць у Расіі, якая цалкам будзе пераследаваць свае інтарэсы. Міжнародныя санкцыі наўрад ці паўплываюць на рашэнне пастаўляць туды нашу зброю, хутчэй, у цяперашніх умовах, наадварот, стымулююць".

Крызіс у Афганістане / Reuters

Экспарт смяротнікаў і экспансія ў рэгіёне
 

Эксперт расійскага Цэнтра вывучэння сучаснага Афганістана Андрэй Сярэнка лічыць, што гульні з "Талібанам" — напрыклад, прэс-канферэнцыя руху, якая не так даўно прайшла на тэрыторыі Расіі (а "Талібан" жа прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй), — прывядуць Расію да расплаты:

"Расплачвацца будуць простыя людзі, якія часцей за ўсё і гінуць у тэрактах. Вядома, што ў "Талібане" развіваецца культ смяротнікаў. Але цяпер яны ўзялі ўладу над Афганістанам. Куды яны дзенуць гэтых смяротнікаў?" — задаецца пытаннем Сярэнка.

Іншы эксперт Цэнтра вывучэння сучаснага Афганістана Мікіта Мяндковіч лічыць, што перадумовы для экспансіі баевікоў "Талібана" ў Сярэднюю Азію існуюць ужо цяпер. У руху ёсць дзейныя кантрабандныя каналы для наркатрафіку, зброі і вярбоўшчыкаў: "Існуе рызыка развіцця сітуацыі па лацінаамерыканскім узоры, дзе з правінцыйных груповак выраслі сучасныя наркакартэлі, якія пагражаюць нават урадам буйных дзяржаў",заяўляе ў інтэрв'ю Мяндковіч.

Учитывая, что теперь под контролем “Талибана” оказалась вся страна, возможностей для региональной экспансии становится намного больше.

Улічваючы, што цяпер пад кантролем "Талібана" апынулася ўся краіна, магчымасцяў для рэгіянальнай экспансіі становіцца нашмат больш.

Гісторык Андрэй Зубаў лічыць, што паколькі "Талібан" з этна-рэлігійнага местачковага фундаменталізму ператварыўся ў рэлігійны ваенны рух без якой-небудзь этнічнай прывязкі, то варта чакаць перанясення вайны ў найслабейшую частку рэгіёна, дзе ёсць мусульмане і людзі менш за ўсё салідарныя з уладай:

"Такую ўладу ў гістарычна ісламскіх краінах фундаменталісты разбураюць лёгка. І якраз такая ўлада цяпер у Туркменіі, Узбекістане, Таджыкістане і збольшага ў Кыргызстане і Казахстане. На іх і будзе накіраваны першы ўдар.

Ёсць яшчэ і Паўночны Каўказ, ёсць і народы Паволжжа, што вызнаюць суніцкі іслам. Наўрад ці татары, башкіры, аварцы, чачэнцы і інгушы ў сваёй большасці схільныя да мусульманскага агрэсіўнага фундаменталізму. Але ад таго, з якой хуткасцю будуць падаць косткі даміно, якія пачалі сваё паданне ў Афганістане, залежаць настроі моладзі гэтых народаў. І вядома, гэтыя настроі залежаць ад палітыкі Масквы ў дачыненні да сваіх мусульманскіх суграмадзян.

Сілай тут не вырашыць нічога, адвадзіць ад радыкалізму можна толькі прыцягальнасцю свабоднай, заможнай перспектывы. Нейкім новым, сапраўдным федэралізмам, эфектыўным рынкам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.