Адпачынак у Краснай Паляне каштуе столькі ж, як вандроўка ў Туніс

З надыходам сезону адпачынкаў паўстае пытанне: дзе яго правесці? Еўрарадыё вырашыла здзейсніць эксперымент: дазнацца пра кошты на адпачынак за мяжой і параўнаць іх з беларускімі коштамі. І вырашылі мы пачаць з Румыніі. За 11 дзён адпачынку на радзіме Дракулы вы заплаціце 220 долараў. У гэтую суму ўвойдзе пералёт, пражыванне, але ж не будзе харчавання. Чарнагорыя абыйдзецца прыкладна ў 300 еўра, крыху даражэй стане адпачынак у Балгарыі.

А што ў Беларусі? У сярэднім 10 дзён у нашым санаторыі каштуюць 200 долараў. За гэтыя грошы вы атрымаеце жыллё і трохразовае харчаванне. Але трэба забыцца на прыбіральню з душам у нумары. Іх вы будзеце вымушаныя дзяліць з суседзямі па нумарах.

Дый наогул, ні для каго не сакрэт, што ў беларускім сэрвісе шмат “белых плямаў”. Пра недахопы распавядае рэдактар газеты “Туризм и отдых” Лілія Кобзік:

“Прыязджаеш, а там няма элементарна рэстаранчыка якога-небудзь, кафэшкі, нармальнай прыбіральні, то вось у адны выходныя выехаў, паглядзеў, што пераначаваць няма дзе, гасцініцы няма нармальнай – і вярнуўся. Ёсць нейкія стандарты, якім трэба адпавядаць. Вось мы пакуль да гэтага яшчэ не падступілі”.

А вось сэрвіс, аналагічны еўрапейскаму, у Беларусі магчыма атрымаць толькі ў нумарах “люкс”, а яны, дарэчы, у нас таксама далёка не танныя. Напрыклад, у турыстычным комплексе “Нарач” нумар “люкс” каштуе каля 700 долараў за тыя ж 10 дзён.

Супрацоўнік комплексу: “Калі браць “люкс”, то ён каштуе 1 мільён 498 тысячаў на дваіх. Ён 2-пакаёвы. Атрымліваецца, адна спальня і адна гасцёўня. Плюс санвузел і душ ужо ў нумары”.

Канешне, на тэрыторыі комплексу таксама можна знайсці басейн, саўну, більярд, трэнажорную залу… Але ўжо за дадатковыя грошы. Глядзім, што ў Турцыі.

За тыя ж 700 долараў, толькі ўжо на аднага чалавека, вы зможаце адпачыць па сістэме “ўсё ўключана”. Канешне, гэта ў два разы даражэй, чым у Беларусі, але ж трэба ўлічваць, што вы яшчэ плаціце грошы за пералёт, атрымаеце асалоду ад марскога клімату, дый ежа вас парадуе куды больш за санаторныя “макароны з катлетамі”.

На пытанне, як можна адпачыць у Турцыі за 700 долараў, адказвае Кацярына, супрацоўніца турфірмы “Горящие туры”.

“Калі мы возьмем рэгіён Анталійскага ўзбярэжжа, можна падабраць вельмі добры гатэль 3 зоркі з плюсам. Гэта будзе на дзён 10-11. Напрыклад, у Алане ці ў Кімеры. Вось у Алане вельмі акуртны гатэльчык, з прасторнымі нумарамі, 30 метраў ад прыватнага пляжу, 2 бары, 2 горкі, бясплатная трэнажорная зала, забаўляльная праграма”.

За тыя ж 700 долараў вы адпачнеце 11 дзён у Тунісе. А калі вы сапраўдны патрыёт, з тым жа бюджэтам вы можаце паехаць у Красную Паляну ў Сочы ў спартыўна-аздараўленчы комплекс “Беларусь”.

Дарэчы, у Турцыю можна трапіць і па куды больш нізкіх коштах. Нават укласціся ў 300 долараў. За гэтыя грошы вы атрымаеце пералёт, праўда з Масквы, тыднёвае пражыванне ў трохзоркавым гатэлі і сістэму “ўсё ўключана”.

Аднак існуе адно “але”. За мяжой беларусам з кожным годам адпачываць становіцца ўсё цяжэй… Па словах Ліліі Кобзік, колькасць беларусаў, якія праводзяць лета за межамі Беларусі, становіцца ўсё менш:

“З кожнам годам усё менш беларусаў адпачывае за мяжой. Па-першае, па візавых пытаннях праблемы. Мы ж ведаем, што прыярытэты дзяржавы – гэта ўезд, а выязны турызм, ён калі не асуджаецца, то і не заахвочваецца. Паколькі лічыцца, што гэта вываз грошай. Хаця насамрэч гэта не толькі вываз грошай, але і ўвоз здароўя, эмацыйнага зараду. То бок, у прынцыпе, гэта вельмі карысна для дзяржавы. Але паколькі палітыка іншая і гэта фінансаў вельмі тычыцца, то выезд беларусаў за мяжу памяншаецца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі