“Аддаць яго, вядома, трэба — навошта ён тут?”

"Запыт аб экстрадыцыі Бакіева, які знаходзіцца ў Беларусі, будзе безнадзейным і прыніжальным для часовага ўраду Кіргізіі. Бакіеў знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта", — цытуе словы Лукашэнкі РИА Новости.
Але зрынутага прэзідэнта Кыргызстана Бакіева вінавацяць у масавых забойствах. Больш за 80 чалавек загінулі ад снайперскіх куляў на вуліцах Бішкека. 
Курманбек Бакіеў падазраецца таксама ў карупцыі, мнагажэнстве і нават валоданні жывёламі, занесенымі ў Чырвоную кнігу: ягоны дом быў поўны экзатычных экспанатаў. 
Еўрарадыё правяло апытанне на вуліцах сталіцы. Выявілася, што шмат мінчукоў з пазіцыяй Лукашэнкі рэзка не згодныя. 
Юрый: "Ён паставіць сябе ў самае няёмкае становішча. Ён спачатку прывёз яго, а цяпер што? Зразумела, ён будзе рабіць усё, каб не выдаць яго. Ён зноўку паставіць Беларусь у дурное, няёмкае становішча".
Таццяна: "Беларусі зусім не трэба было ўмешвацца ў гэта. А ўвогуле — аддаць яго, вядома, трэба — навошта ён тут?"
Часовы ўрад Кыргызстана дасылае Мінску афіцыйны запыт на выдачу Бакіева. Не менш за палову апытаных мінчукоў падтрымліваюць безумоўную выдачу былога кіраўніка Кыргызстана. 
Андрэй: "Калі факты пацвярджаюцца, натуральна, трэба выдаваць. Усіх прэзідэнтаў, якіх бы краін яны ні былі, пасля адстаўкі трэба дэпартаваць на радзіму і судзіць. Калі не тут, дык прынамсі праз Гаагскі суд"
Юрый: "Калі Беларусь пазіцыянуе сябе еўрапейскай краінай і падпісала ўсе гэтыя дакументы аб выдачы — то трэба. Нават ва ўмовах СНД абавязаная выдаць".
Сапраўды, у 1993 годзе  ў Мінску 10 краін СНД, у тым  ліку Беларусь і Кыргызстан, падпісалі адмысловую канвенцыю, дзе агаворваецца парадак выдачы злачынцаў. На мінулым тыдні Расія выдала Кыргызстану былога старшыню Міністэрства ўнутраных спраў Малдамуса Кангаціева. Згодна з Артыкулам 57 Канвенцыі, краіна можа ў выдачы і адмовіць — напрыклад, калі асоба займела яе грамадзянства. 
Малады хлопец Станіслаў лічыць, што Беларусь павінна выдаць Бакіева. 
Станіслаў: "Так, трэба. Бо за любое злачынства чалавек мусіць несці адказнасць, кім бы ён ні быў". 
З ім пагаджаецца  і чалавек сталага веку. 
Сталы чалавек: "Ён павінен несці адказнасць, і ён вінаваты. Гэта агульнае правіла. Ёсць закон — усё мусіць быць згодна з законам".
Некаторыя мяркуюць, што спяшацца з выдачай не варта. Трэба пачакаць. 
Юрый: "Калі вінаваты, то, вядома, трэба выдаваць. Наколькі я ведаю, ён [Бакіеў — ЕРБ] падае дакументы ў Міжнародны суд. Вось як ён вырашыць, так і будзе".
Альбо нешта  вырашыць АДКБ — Арганізацыя дагавора аб калектыўнай бяспецы, кажа Ўладзімір. 
Уладзімір: "Я думаю, што сёння не трэба. Бо няма стабільнасці яшчэ, незразумела, які накірунак. Вось гэтыя хуткія моманты могуць мець негатыўныя наступствы. Вось калі будзе сустрэча АДКБ, там гэтыя пытанні закрануць". 
Мінская Канвенцыя  гаворыць, што, за выключэннем тых выпадкаў, калі выдача не можа быць зроблена, атрымаўшы патрабаванне аб выдачы, краіна павінна неадкладна прыняць меры да пошуку і заключэнні пад варту асобы. 
Паведамлялася, што на 23 красавіка Бакіеў жыў  у дыпламатычным пасёлку пад  Мінскам. 
Фота: Bymedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі