Вы тут

Адбіцца ад штрафу за БЧБ-сцяг: таварыствы ўласнікаў дайшлі да судоў

Плошча Перамен / greenbelarus.info

Увосень таварыства ўласнікаў на Смаргоўскім тракце і на вуліцы Чарвякова ў Мінску, дзе знаходзіцца "Плошча Перамен", атрымалі ад МНС і санстанцыі "штрафы за бел-чырвона-белыя сцягі". Прычым санстанцыя аштрафавала ТУ балюча — на 200 базавых велічынь. А гэта, на хвілінку, 5400 рублёў.

Сёння жыхары "Плошчы Перамен" даведаліся добрую навіну:

— Пракуратура скасавала рахунак МНС за зняцце БЧБ-сцяга, а суд Цэнтральнага раёна — выпісаны штраф 250 базавых велічынь на таварыства, — радасна расказаў адзін з жыхароў.

Гэта перамога? Старшыня таварыства пацвердзіла Еўрарадыё, што пракуратура даручыла ратавальнікам вярнуць 164 рублі і 2 капейкі — таму што РАНС пазначыў няправільны адрас выезду брыгады.

Але піць шампанскае пакуль што рана. Хоць суд Цэнтральнага раёна і адмяніў пастанову галоўнага доктара, на падставе якой санстанцыя наклала свой драконаўскі штраф, працэс на гэтым не завяршаецца.

— Штраф ад санстанцыі не скасавалі, гэта не адпавядае рэчаіснасці, — тлумачыць Еўрарадыё старшыня ТУ. — Справу проста адправілі на новы разгляд праз тое, што цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не падаў усіх неабходных матэрыялаў.

Вядома, што цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўжо склаў ідэнтычны пратакол. Але судовага пасяджэння пакуль што не было.

У падобнай сітуацыі знаходзіцца таварыства ўласнікаў дома на вуліцы Алібегава: сюды ратавальнікі таксама прыязджалі здымаць бел-чырвона-белы сцяг. МНС выставіла штраф 200 базавых велічынь. Суд раёна адмяніў пастанову, але не спыніў адміністрацыйнай справы.

— Гэта значыць, застаецца пратакол аб правапарушэнні. З практыкі можна сказаць, што пасля адмены пастановы судом, бывае, пратакол як бы "спускаецца на тармазах", працэс гасне. Але могуць і зноў выклікаць у суд. Пакуль што перамогай гэта не назавеш, проста працэс зацягваецца, — тлумачыць юрыст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.