Вы тут

Ад “Коммуниста Беларуси” да “Народнай волі”: што выпісваюць выканкамы і КДБ

Свежы нумар "Народнай волі"

Бальніца ў Нароўлі збіраецца выпісаць газет і часопісаў на 2 тысячы долараў. І яна не адна такая: на сайце беларускіх дзяржзакупак можна знайсці дзясяткі тэндараў аб так званай ведамаснай падпісцы. Арыенціровачны кошт некаторых лотаў — дзясяткі тысяч долараў!

Начальства хоча “Народную волю” і “БелГазету”

Сярод ведамстваў, якія афармляюць падпіску "для сябе", прыкметна вылучаецца цэнтральны апарат Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Па-першае, немалой сумай — 20 тысяч рублёў за паўгадавую падпіску. Па-другое, разнастайнасцю выданняў: там і расійскі глянец пра зброю і аўтамабілі, і газеты, сярод якіх не толькі ідэалагічна правільная "Советская Белоруссия", але і... “БелГазета” і “Народная воля”. 

Якім чынам фармуецца чытво для судмедэкспертаў?

— Кожнае наша структурнае падраздзяленне па экспертнай вытворчасці выбірае падпісное выданне, якое ім неабходна для працы, — расказвае Валянціна Няверка, супрацоўніца цэнтральнага апарату, адказная за тэндар.

— А вось "Народная воля" — як яна можа спатрэбіцца для працы?

— Ну, у нас жа ёсць не толькі эксперты, але ёсць і кіраўнікі, якія кіруюць нашым вялікім цэнтральным апаратам...

Прыемна, што ёсць кіраўнікі ведамстваў, якія не абмяжоўваюць свой кругагляд толькі старонкамі дзяржаўных выданняў.

І “Коммуниста” таксама пытаюцца

Большая частка заказчыкаў шматтысячных тэндараў на перыядычныя выданні — раённыя аддзелы ідэалогіі. Навошта ім спатрэбіліся такія аб'ёмы газет і часопісаў? Спакойна. Падпіраць шафы ў будынках выканаўчых камітэтаў яны не будуць. Чыноўнікі заказваюць перыёдыку для мясцовых бібліятэк.

Напрыклад, аддзел культуры Ваўкавыскага райвыканкама аформіў тэндар на 17 тысяч рублёў на падпіску для Ваўкавыскай раённай бібліятэкі. З лота можна даведацца, якімі выданнямі ў найбліжэйшае паўгоддзе бібліятэка будзе "карміць" жыхароў Ваўкавыскага раёна.

Ёсць тут і беларускія выданні, і расійскія. Калі з ідэалагічна правільнымі газетамі "СБ", "Рэспубліка" і "Звязда" ўсё ясна, то па якім прынцыпе складаецца спіс недзяржаўных выданняў? "Комсомолка", "Коммунист Беларуси" і "Друг пенсионера" ​​— ёсць, "БелГазеты", "Белорусов и рынка", "Народнай волі" — няма.

— Усё залежыць ад цікавасці чытачоў: арыентуемся на гэта, — адказвае Еўрарадыё загадчыца аддзела камплектавання Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Таццяна Кішкун.

— То-бок людзі прыходзяць і просяць "Коммуниста Беларуси"?

— Так. Не скажу, што проста натоўпамі ходзяць, але пытаюцца. Ведалі б вы, што ў нас народ можа пытацца... У людзей густы розныя і запатрабаванні розныя. І "Коммуниста" таксама пытаюцца.

— А вось, напрыклад, "БелГазету" і "Народную волю" не пытаюцца?

— "Народную волю" нам выпісвае нейкі ананім, які яе, так бы мовіць, дорыць. Ужо гадоў пяць да нас прыходзіць.

У 2018 годзе рэдакцыя "Народнай волі" праводзіла краўд-кампанію "Падпішы бібліятэку на "Народную волю". Яе мэтай было сабраць сродкі, каб падпісаць на газету 600 раённых бібліятэк у Беларусі. Аднак неабходныя 30 тысяч рублёў наданаціць не выйшла.

Але, як вынікае са слоў Таццяны Кішкун, яшчэ да гэтай кампаніі ў "Народнай волі" знайшоўся добры самарыцянін, які падпісаў на яе як мінімум адну раённую бібліятэку.

А хто чытае ўсе раёнкі вобласці?

Густы супрацоўнікаў Магілёўскага абласнога ўпраўлення КДБ вельмі спецыфічныя. З іх тэндару вынікае, што мясцовыя чэкісты падтрымліваюць сваёй падпіскай усе раёнкі вобласці! Тут і “Маяк Прыдняпроўя”, і “Голас Касцюкоўшчыны”, і “Зара над Друццю”. Вось ужо сапраўды іх "служба и опасна, и трудна"!

Гэта, дарэчы, адзіны такі тэндар на 2020 год. Ці то ў іншых абласцях КДБ не так рупліва ставіцца да кантэнту раённых газет, ці то не ўсе клапоцяцца пра тое, каб аб'яўляць дзяржзакупку праз адмысловы сайт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.