Абітурыенты з 2017 года змогуць здаваць ЦТ па чатырох прадметах

Абітурыенты з 2017 года змогуць здаваць ЦТ па чатырох прадметах

Ужо з 2017 года абітурыенты пры паступленні ў ВНУ змогуць здаваць ЦТ па чатырох прадметах. Такую прапанову падтрымаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Пры паступленні ў ВНУ трэба будзе падаць вынікі трох тэставанняў. Абітурыенты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў змогуць здаваць тры ЦТ і падаваць вынікі двух тэставанняў.

Па словах міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, гэтае новаўвядзенне дазволіць абітурыентам спрасціць выбар паміж блізкімі спецыяльнасцямі, пры паступленнi на якiя трэба здаваць розныя прадметы ў якасці другіх профільных. "Гэта дае магчымасць абітурыенту здаць чатыры ЦТ, а затым выбраць менавіта тыя тры прадметы па напрамку, на які ён усё ж вырашыць падаваць дакументы", — перадае БЕЛТА выказванне Жураўкова.

На нарадзе 3 траўня Лукашэнка таксама падтрымаў прапанову, каб сертыфікат ЦТ дзейнічаў на працягу двух гадоў, а колькасць рэзервовых дзён ЦТ была павялічаная да трох. Да таго ж, ён ухваліў шэраг прапановаў па карэкціроўцы правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ.

Чакаецца, што ўсе гэтыя змены пачнуць дзейнічаць з 2017 года. Цяперашняя абітурыенцкая кампанія пройдзе паводле дзейных правілаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі