Абедзве палаты Нацыянальнага сходу ўхвалілі антынаркатычны дэкрэт

Савет рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў чацвер ухвалілі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, накіраваныя на барацьбу з незаконным абаротам наркотыкаў, перадае interfax.by.

Нагадаем, што напрыканцы снежня 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №6 "Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў". Дэкрэт набыў моц з 1 студзеня 2015 года.

Згодна з дакументам, стала больш жорсткай крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.

Так, павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарвальных прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, альбо ў дачыненні да асабліва небяспечных наркотыкаў, альбо ў буйным памеры, альбо на тэрыторыі ўстановы адукацыі), — з 13 да 15 гадоў; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму — з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, — з 15 да 20 гадоў, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах — з 8 да 20 гадоў.

Зніжаны ўзрост, калі наступае крымінальная адказнасць, за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, — з 16 да 14 гадоў.

У дакуменце таксама замацаваны палажэнні, якія дазваляюць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесяў, "спайсаў") і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюднікаў.

Акрамя таго, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, створаных у электронных аплатных сістэмах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі (незалежна ад сум грошай, якія налічваюцца ў такіх электронных кашальках).

Ілюстрацыйнае фота — belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі