Абед у Нацбанку ў рублях вырас утрая за два з паловай гады

“Прагнозны ўзровень інфляцыі на 2015 год – 16%, але можа быць і меней, калі сітуацыя будзе спрыяльнай”, – пра гэта кажа старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр на прэс-канферэнцыі ў Нацбанку.

Пасля зарульваем у буфет галоўнага банка краіны – вось дзе дакладна бачна, як выраслі кошты там, дзе штогод вядуць барацьбу з высокай інфляцыяй.

У 2012 годзе журналісты сфатаграфавалі меню буфета гэтай установы. За два гады некаторыя стравы з меню зніклі.

“Салат “Белыя росы” даўно не робім, бо вельмі дарагі. Тое ж самае салат “Хвілінка”, але ў нас ёсць салат “Школьныя гады”, − прапаноўваюць Еўрарадыё ў буфеце.

У 2012 годзе салат “Белыя росы” быў самым дарагім – сюды ўваходзіла ялавічына, грыбы, агуркі марынаваныя і маянэз.

У буфеце кажуць, што ёсць нават страва ад шэф−повара. Сёння гэта былі баклажаны, запечаныя са свінінай пад маянэзна−сырным соусам.

Некаторыя стравы падаражэлі і вельмі моцна,бо вырасла закупка.

Збіраем абед. У абедзеннае меню 2012 года уваходзіць салат з капустай, маслінамі і алеем (1050 рублёў за 100 грам), боршч (1950 рублёў), плоў (7400 рублёў), а таксама чорная гарбата без цукру (1100 рублёў за кубак). Агульны чэк будзе 11.500 рублёў за абед, у доларах гэта 1,3 долара.

У абед 2015 года Еўрарадыё сабрала таксама салат з капустай, памідоры і агуркі – 5250  рублёў за 100 грамаў,  боршч халодны – 5500 за порцыю, плоў са свінінай 21950 рублёў за порцыю і гарбата чорная без цукру – 3400 рублёў за кубак. Атрымліваем суму 36100, гэта 2,5 долара. Падлічваем, што абед падаражэў на 213% за два гады!

Цікава, што стравы таксама выраслі вельмі намнога. Да прыкладу, бульбяное пюрэ – на 326%. Раней порцыя каштавала 750 рублёў, зараз – 3200. Плоў падаражэў на 209%.

Таксама Еўрарадыё наведвае краму Нацыянальнага банка. Крама невялікая, знаходзіцца ў падвальчыку адміністрацыйнага будынка. Але пакупнікоў шмат – супрацоўнікі ўстановы. Чалавек з вуліцы проста так туды не трапіць, уваход у рэжымны будынак па пропусках. З большага кошты такія ж, як і ў простых смяротных – цукар, хлеб, малако, нават свініна ў гэтай краме даражэйшая за тое, што прадаюць у звычайных крамах.

Але, да прыкладу, сыр “Гаўда” ад “Савушкіна прадукта” каштуе на тысячу рублёў меньш, чым нават у краме “Еўраопт”. А філе слабасалёнае сёмгі 200 грамаў на 5000 рублёў меней, чым у фірмовай краме “Санта−Брэмар”!

Еўрарадыё будзе сачыць за інфляцыяй у буфеце і краме Нацбанка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі