Вы тут

Абаронца Курапатаў Сяргей Пальчэўскі з’ехаў ваяваць ва Украіну

Фота: Белсат

Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі з’ехаў ва Украіну, каб на Данбасе ваяваць у шэрагах украінскіх добраахвотнікаў, паведамляе тэлеканал "Белсат"

Хлопец стаў вядомы, калі сёлета ў лютым удзельнічаў у абароне Курапатаў ад забудовы. Каб спыніць будаўнічую тэхніку, Пальчэўскі прыкаваў сябе кайдамнкамі да бампера грузавіка. 

У сакавіку падчас масавых затрыманняў яго затрымаў КДБ. У сярэдзіне красавіка Пальчэўскі выйшаў на волю і распавёў, што яго прымусілі падпісаць дамову аб супрацоўніцтве са спецслужбай. У іншым разе яму пагражалі крымінальнай справай за учыненае ДТЗ.

"Я з'ехаў ва Украіну неўзабаве пасля таго, як раскрыў факт падпісання паперы аб супрацы з КДБ. Зразумеў, што працягваць сваю дзейнасць у "Маладым Фронце" на радзіме я больш не змагу. Не дадуць. Усё адно знойдуць, за што пасадзіць. Раней я распавядаў, як мне пагражалі прыцягнуць да адказнасці за ДТП, якое адбылося нібыта па маёй віне. Я звязаўся з пацярпелымі, і яны запатрабавалі неймаверныя грошы за тое, каб улагодзіць праблему, — 10 тысяч долараў. Аднак нават праз суд такую кампенсацыю ніколі б не прызначылі! Мяркую, што не без удзелу КДБ пацярпелыя прыдумалі такую суму", — перадае "Белсат" словы Пальчэўскага.

Пра свой намер з'ехаць ва Украіну Пальчэўскі не паведаміў ні сямʼі, ні паплечнікам з "Маладога Фронту". Ён кажа, што пэўны час проста жыў ва Украіне, а паўтара тыдня таму прыехаў на Данбас. "Тут усё — адна суцэльная перадавая лінія, увесь час страляюць. Навучанне пачаў праходзіць адразу тут, на Данбасе. Мяне вучаць карыстацца супрацьтанкавым гранатамётам СПГ-9", — кажа маладафронтавец.

У Беларусь ён не збіраецца вяртацца пры цяперашняй уладзе. Як вядома, паводле беларускіх законаў на Пальчэўскага могуць пачаць крымінальную справу за наёмніцтва. 

На Данбасе ваюе таксама маладафронтавец Эдуард Лобаў.