Вы тут

98 чалавек былі апраўданыя ў судах Беларусі ў 2017 годзе

Фота: 1prof.by

У 2017 годзе беларускія суды разглядалі 45 002 крымінальныя справы. Па выніках судовага разгляду былі асуджаныя 43 135 чалавек — на 1635 чалавек (3,7%) менш, чым у 2016 годзе. Такія лічбы былі абнародаваныя на прэс-канферэнцыі намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча 31 студзеня. 

Апраўдальныя прысуды былі вынесеныя ў адносінах да 98 чалавек?, або 0,2% прысудаў. Асноўнымі падставамі для апраўдання станавіліся адсутнасць у дзеяннях падсуднага складу злачынства або недаказанасць яго ўдзелу ў злачынстве. 

Найбольшая колькасць апраўданых — 26 чалавек — былі абвінавачаныя ў злачынствах супраць жыцця і здароўя чалавека. Сярод іх тры чалавекі былі апраўданыя па абвінавачанні ў забойстве. Яшчэ 18 чалавек былі апраўданыя па справах аб злачынствах супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, 19 — уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, 12 — супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання, 9 — грамадская бяспекі і здароўя насельніцтва.