5 дзён без вады і ежы правяла ў лесе 77-гадовая бабуля

Пяць дзён і чатыры ночы сваякі шукалі 77-гадовую Таццяну Іванаўну Дзямко. Бабуля ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Будкі Вілейскага раёна і ведала прылеглы лес як свае пяць пальцаў. Аднак чарговы паход у грыбы стаўся нечаканасцю як для яе самой, так і для ўнучкі Алы з мужам Юрыем. Як бабулі ўдалося выжыць, расказвае сама Таццяна Дзямко:

“Пайшла ў балота. І пяць дзён там. Ай-ай-ай. Ляжала ў балоце, і ўсюды. На курганок лягу, а ўсё роўна вада. А тады ледзь устану, не магу ўстаць. Яно ж усё мокрае. Я ж нічога не ела. Нічога! І вады не піла. Толькі гэтую чорную з долу. А так больш нічога”.

ЕРБ: “А ягады?”

Таццяна Дзямко: “А ягадаў я і не бачыла. У мяне нешта дурнілася. Я нічога не разумела”.

Знайшлі бабулю леснікі з міліцыянтамі. Аднак што дзіўна, пасля ўсіх прыгодаў у Таццяны Іванаўны ціск быў – як у спартоўкі, гаворыць яе ўнучка Ала:

“Выклікалі туды ўрача. Ён памераў ціск. І кажа: “Сэрца – як гадзіннік. Ціск 120/70. Во, гаворыць, бабуля!”

Спадарыня Дзямко кажа, што больш у лес яна ні нагой.

Таццяна Дзямко: “У лес ужо не. Баюся я ўжо”.

Ала: “У лес баіцца. Але як мы ўчора сабраліся ў ягады ехаць, дык гаворыць: “Вазьміце мяне на веласіпед, хоць на багажнік. Паеду”.

Па словах намесніка начальніка Вілейскага аддзела ўнутраных справаў Андрэя Дударчыка, спадарыня Дзямко за дзень да здарэння таксама згубілася ў лесе, аднак да ночы здолела знайсці дарогу дадому. А вось некаторых гора-грыбнікоў даводзіцца шукаць нават на верталёце.

Андрэй Дударчык: “Летась у нас згубілася яшчэ адна бабуля. Цікава, што прозвішча яе Грыбок, яна з вёскі Грыбкі, пайшла ў лес у грыбы. Яе шукалі сем дзён. Шукалі яе з верталёта. Скакалі ў гэтае балота з верталёта”.

Спадар Дударчык таксама даў некалькі карысных парадаў слухачам Еўрарадыё. Адна з іх – у лес трэба абавязкова ярка апранацца.

Андрэй Дударчык: “У лес абавязкова з сабой трэба браць нож, запальнічку ці запалкі. А таксама абавязкова, нават калі вельмі спякотна, апранаць яркую вопратку – ярка-чырвоную, ярка-аранжавую”.

Па словах кіраўніка турысцкага клубу “Чарапашкі” Вілейскага аддзелу адукацыі Міхаіла Петуха, лепш за ўсё ў лесе арыентавацца па сонцы. Акрамя таго заўсёды трэба выбіраць сабе арыенцір. Інакш ёсць вялікая верагоднасць, што вы будзеце хадзіць па коле:

Міхаіл Петух: “Самае першае, канечне, – трэба глядзець на сонца. Калі ішоў – сонца было злева, то будзеш вяртацца – сонца будзе справа. Ну, а калі ідзеш у пахмурнае надвор’е, зразумела, лепш узяць з сабой компас. Калі ідзе дождж і чалавеку няма куды дзецца, яму лепш за ўсё ісці. Ісці хоць куды, але каб не стаяць на месцы. Таму што можна замерзнуць. Чалавеку трэба выбіраць арыенцір. Таму што калі чалавек ідзе прама, яму здаецца, што ён ідзе прама. А адна нага робіць трошку большы крок, чым другая. І чалавек будзе хадзіць кругамі”.

Аднак, калі вы ўжо разумееце, што згубіліся і давядзецца начаваць у лесе, галоўнае, па словах бывалых турыстаў, не панікаваць. Еўрарадыё жадае сваім слухачам шчодрага на грыбы лесу і – не губляйцеся!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі