2500 бляшанак ікры, прывезенай з Расіі, забрала міліцыя ў Мінску

2500 бляшанак ікры, прывезенай з Расіі, забрала міліцыя ў Мінску

Канал незаконнай пастаўкі ікры з Расіі ў Беларусь перакрылі сталічныя праваахоўнікі, паведамляе прэс-служба УУС Мінгарвыканкама

Спярша міліцыянты атрымалі аператыўнуюая інфармацыю, што на тэрыторыі рынку на вуліцы Ясеніна ў Мінску незаконна прадаюць чырвоную ікру з Расіі. Потым яны высветлілі яшчэ адзін факт нелегальнага продажу ікры крупчастай ласосевай. Агулам было забрана каля 2,5 тысяч бляшанак ікры на агульную суму каля 50 тысяч рублёў.

Супрацоўнікі сталічнай міліцыі ўсталявалі, што ў складзе на рынку 61-гадовы мужчына прадаваў чырвоную ікру. Агулам на складзе аператыўнікі канфіскавалі больш за дзве тысячы бляшанак ікры на суму звыш 40 тысяч рублёў. У мужчыны не было пацвярджальных дакументаў на тавар, як і кантрольных (ідэнтыфікацыйных) знакаў Рэспублікі Беларусь.

Падчас прыходу міліцыі мужчына адмаўляў, што займаецца продажам ікры, і казаў, што не ведае, адкуль яна ўзялася на яго складзе. Міліцыянты заяўляюць, што ён наўмысна правакаваў іх на канфлікт, прыцягваючы ўвагу іншых прадаўцоў і пакупнікоў. Потым прадавец выклікаў сваякоў у надзеі на іх дапамогу. 

"Замест таго, каб разабрацца ў сітуацыі, яны затэлефанавалі на спецлінію "102" і выклікалі міліцыю, сказаўшы, што іх збіваюць і спрабуюць абрабаваць. Аднак нарад, які прыбыў, не зафіксаваў ні рабавання, ні збіцця", — адзначае прэс-служба міліцыі.

Выявілася, што мужчына — работнік таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое прадае рыбную прадукцыю на рынку. Кіраўніком гэтага ТАА з'яўляецца яго жонка. Яна, дарэчы, таксама сказала міліцыі, што не ведае, адкуль з'явілася ікра ў яе краме.

На мужчыну склалі адміністратыўныя пратаколы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў.

Другі выпадак з кантрафактнай ікрой быў выяўлены 29 лістапада па праспекце Незалежнасці. Аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выявілі, што там прадаецца ікра крупчастая ласосевая, прывезеная з Расіі. Прадукцыя не была маркіраваная кантрольнымі знакамі Рэспублікі Беларусь. Міліцыя забрала 456 бляшанак агульным коштам 9120 рублёў.

Продажам ікры займаўся 31-гадовы дырэктар ПТУП. Аператыўнікі затрымалі яго па прыездзе з Расіі ў Мінск. Мужчына меркаваў прадаваць свой тавар "з рук".

На яго склалі адміністратыўны пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Гэта пагражае прадпрымальніку штрафам да 2300 рублёў (100 базавых велічыняў) з канфіскацыяй прадметаў адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, або без канфіскацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі