2320 рублёў штрафу: так пакаралі дзяўчыну за два белыя аркушы на акне

Аліса і бела-чырвоны парасон / Еўрарадыё
Аліса і бела-чырвоны парасон / Еўрарадыё

За два белыя канцылярскія аркушы, якія вісяць на вокнах балкона, мінчанку Алісу аштрафавалі на 2320 рублёў. Нават ніякай бчб-гамы, проста два белыя аркушы.

Зімой дзяўчына з мужам упрыгожвалі вокны кватэры, у тым ліку і бел-чырвона-белай гірляндай. Пасля святаў яе знялі, а аркушы засталіся вісець на вокнах лоджыі.

2320 рублей штрафа: так наказали девушку за два белых листа на окне
Навагодняя бчб-гірлянда / Еўрарадыё

— Аркушыкі павесілі з салідарнасці з суседзямі, у нас даволі актыўны раён, які славіўся "пратэставымі" пераклічкамі, — расказвае Еўрарадыё Аліса. — У пачатку траўня выйшаў закон аб адзіночным пікетаванні. За гірлянду мы пабаяліся, а два белыя аркушы засталіся на вокнах. Нам хацелася верыць, што канцылярскі белы аркуш паперы не парушае ніякага закона.

Аказалася, што парушае. 23 чэрвеня да сужэнцаў прыйшлі.

— Я выходзіла з кватэры на прагулку з сабакам, і ў гэты момант да мяне падышлі два міліцыянеры. Адзін з іх, участковы, спытаў мяне, хто павесіў белыя аркушы. Я паказала на сябе, ужо разумеючы, што гэта адназначна пацягне нейкія непрыемнасці, — кажа дзяўчына. — Участковы сказаў, што за гэта пагражае штраф ці суткі арышту. Я спытала: хіба белы аркуш на акне парушае хоць адзін закон?

Тут да размовы падключыўся другі міліцыянер. Ён у з'едлівай форме пачаў гаварыць, што, маўляў, вы ж усе чытаеце інтэрнэт, вы ўсе цяпер такія разумныя, вы ж яўна дзесьці прачыталі, што трэба павесіць белы аркуш. Участковы сказаў, каб я зайшла пазней у мясцовае аддзяленне для складання пратакола.

2320 рублей штрафа: так наказали девушку за два белых листа на окне
Хатні гадаванец Алісы / Еўрарадыё

— Гэта ўсё мяне вельмі напалохала. Я чула пра такога роду гісторыі, але пакуль ты не апынаешся ў ёй сам, ты зусім не разумееш, як сябе паводзіць і што табе рабіць, — працягвае дзяўчына. — Пасля гэтага я пачала тэлефанаваць сваім знаёмым, адвакатам. Мне параілі, што калі я гатовая сябе адстойваць, то трэба ісці складаць пратакол. Калі не гатовая, то лепш чакаць афіцыйную позву або ісці з адвакатам. Але ўсе мне казалі, што калі яны за мяне ўзяліся, то ўжо не адчэпяцца.

1 ліпеня дзяўчыне патэлефанаваў участковы. У аддзяленні на яе склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП — "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". Ёй паставілі ў віну "няўзгодненае пікетаванне шляхам вывешвання белых аркушаў паперы на вокны", наклалі арышт на мабільны тэлефон. Праверылі сацсеткі, месенджары. Неаднаразова пыталіся: ці ёсць яна ў тэлеграм-каналах, ці бачыла заклікі вывешваць белыя аркушы. Крыху пазней адбыўся суд.

2320 рублей штрафа: так наказали девушку за два белых листа на окне
Ну тут яўна "нядобранадзейны" дом! / Еўрарадыё

— У суд я прыйшла разам з участковым. Калі мы зайшлі ўнутр, каля залы суда са мной павіталася нейкая жанчына, але я яе не пазнала. Яна таксама чакала пасяджэння па сваёй справе, але пагутарыць мы з ёй не паспелі, і я спытала ва ўчастковага: "Хто гэта?" Ён адказаў, што яна па той самай справе, што і я. "Гэта ваша суседка, з вашага дома". Аказалася, што з майго дома будуць судзіць жыхароў дзесяці кватэр.

У Алісы ёсць інваліднасць трэцяй групы, яна з дзяцінства хворая на цукровы дыябет. Да таго ж у яе невялікая пухліна ў галаўным мозгу. Для дзяўчыны было вельмі важна не трапіць "на суткі". У судзе яна дала ўсе даведкі.

— Пратакол падпісваць я не стала. Згаджацца з тым, што я праводзіла няўзгодненае пікетаванне, я не хацела, для мяне гэта было проста нейкае трызненне. Я тлумачыла, што на балконе ў мяне стаяць кветкі і аркушы на акне вісяць для таго, каб закрыць расліны ад сонца. Тым больш у гэтыя дні ў Беларусі былі зарэгістраваныя вельмі высокія паказчыкі тэмпературы.

Так, вісяць белыя аркушы, але я нічога не парушаю! Суддзя спытала: а ці не прыдумала я нейкага іншага спосабу абараніць кветкі? Пасля гэтага яна паспрабавала яшчэ мне прачытаць нейкія натацыі, спытала, ці не зрабіла я з гэтай сітуацыі нейкіх высноў? Я адказала, што высновы для сябе я зрабіла, але ў падобнай сітуацыі я зрабіла б так, як і зрабіла.

2320 рублей штрафа: так наказали девушку за два белых листа на окне
"Парушальніца" Аліса / Еўрарадыё

Суддзя абвясціла рашэнне: пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 80 базавых велічынь — 2320 рублёў.

Да гэтых падзей Аліса з мужам запланавалі доўгачаканы адпачынак. Адкласці праз тое, што здарылася, яго было нельга, і дзяўчына з мужам паляцелі ў Грузію. Штраф давядзецца заплаціць па прыездзе дадому.

— Нават не ведаю, як можна ахарактарызаваць краіну, у якой за два белыя аркушыкі даюць штрафы ці ўвогуле могуць пасадзіць цябе ў турму, — здзіўляецца дзяўчына. — Мы разумеем, які гэта абсурд і трызненне. Я не выходзіла на вуліцу, не кідала камянёў у амапаўцаў. Я не зрабіла нічога, за што можна было б атрымаць такое пакаранне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі