1570 сутак за чатыры месяцы: суддзі — антырэкардсмены па палітычных справах

Фота з суда носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё
Фота з суда носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

Больш за чатыры месяцы ў Беларусі працягваюцца пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў. Не сціхае і судовы канвеер: амаль кожны будны дзень у краіне разглядаюцца адміністрацыйныя справы над затрыманымі "прастытуткамі", "алкаголікамі" і іншымі "пратэстунамі". У топе артыкул 23.34 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў", які ўжо стаў мемам.

Сярод суддзяў, якія адпраўляюць пратэстоўцаў на суткі, ёсць тыя, хто асабліва імкнецца застацца ў гісторыі, прысуджаючы беларусам максімальныя тэрміны з магчымых. Еўрарадыё склала антырэйтынг самых адчайных "фемідных стаханаўцаў", падлічыўшы колькасць сутак, якія яны прысудзілі затрыманым.

10 месца. Суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Лідзія Цяліца — 265 сутак

У 45-гадовай Лідзіі Фёдараўны багаты бэкграўнд па палітычных справах: яна судзіла людзей, затрыманых 19 снежня 2010 года на акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. За гэта ўжо ў студзені 2011-га была ўнесена ў спіс неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў.

У кастрычніку гэтага года яна адправіла на 15 сутак актывіста Змітра Дашкевіча.

9 месца. Суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Мотыль — 344 сутак

52-гадовая Таццяна Яраславаўна, як і яе калега Цяліца, трапіла ў спісы неўязных адразу пасля падзей 2010-га: таксама канвеерна судзіла ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Зрэшты, 10-гадовага перапынку ў палітычна матываваных справах у суддзі не было: яна вызначала лёс і ўдзельнікаў акцый (не)дармаедаў у 2017-м, і акцый супраць інтэграцыі з Расіяй у 2019-м.

8 месца. Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыя Шабуня — 532 сутак

1570 суток за четыре месяца: судьи — антирекордсмены по политическим делам

46-гадовая Вікторыя Валер'еўна таксама рэзідэнтка санкцыйнага спіса — самага свежага, балтыйскага.

У палітычных працэсах заўважаная толькі з 2016 года. Тады менавіта яна судзіла грамадскага дзеяча і філосафа Уладзіміра Мацкевіча за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, хоць філосаф дакументальна змог пацвердзіць, што ў той дзень наогул быў у Варшаве.

Шабуня ў жніўні 2020-га адправіла на дзесяць сутак "дыджэяў перамен" Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага за тое, што тыя ўключылі песню Цоя "Перемен" у часе праўладнага мітынгу.

7 месца. Суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Юлія Шут — 576 сутак

Юлія Сцяпанаўна была заўважаная ва ўсіх адміністрацыйных працэсах з самага пачатку выбарчай кампаніі 2020 года: судзіла і ўдзельнікаў ланцуга салідарнасці ў чэрвені, і затрыманых каля КДБ у ліпені. Пасля выбараў драбязой не займаецца: пратэстоўцаў масава адпраўляе на максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту — 15 сутак.

6 месца. Суддзя суда Савецкага раёна г. Мінска Сяргей Шаціла — 817 сутак

1570 суток за четыре месяца: судьи — антирекордсмены по политическим делам

31-гадовы Сяргей Віктаравіч уваходзіць у рэкамендаваны спіс асоб для ўвядзення індывідуальных санкцый з боку ЕС. Менавіта ён асудзіў на 2 гады і 6 месяцаў калоніі Наталлю Хершэ, грамадзянку Швейцарыі, за парваную балаклаву і "нанясенне цялесных пашкоджанняў" супрацоўніку міліцыі.

5 месца. Суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Таццяна Шоцік — 818 сутак

Самая маладая ў нашым топе суддзя — 28-гадовая Таццяна Віктараўна — за пратэставыя лета і восень судзіла нямала "парушальнікаў" артыкула 23.34, сярод якіх, напрыклад, была і беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка.

4 месца. Суддзя суда Першамайскага раёна г. Мінска Анастасія Ляйкоўская — 845 сутак

1570 суток за четыре месяца: судьи — антирекордсмены по политическим делам

Анастасія Міхайлаўна на палітычных справах паспела "засвяціцца" яшчэ ў пачатку 2020-га, калі судзіла ўдзельнікаў акцый супраць інтэграцыі з Расіяй. Пратэсты ў часе і пасля выбарчай кампаніі таксама не засталіся без увагі суддзі. З "зорных" наведвальнікаў судовых пасяджэнняў Ляйкоўскай можна адзначыць шоўмена Дзяніса Дудзінскага, якога яна адправіла на дзесяць сутак.

3 месца. Суддзя суда Савецкага раёна г. Мінска Аляксандр Воўк — 861 суткі

Аляксандра Аляксандравіча праваабаронцы называюць сапраўдным ударнікам па 23.34. Толькі 9 і 10 верасня ён прысудзіў штрафаў на 330 базавых велічынь — 8910 рублёў! Валанцёры адзначалі, што Воўк накладаў штрафы ў два-тры разы вышэйшыя, чым зарабляе чалавек, — у сярэднім па 60 базавых велічынь кожны.

2 месца. Суддзя суда Савецкага раёна г. Мінска Алена Жуковіч — 1111 сутак

40-гадовая Таццяна Генадзеўна першая ў нашым спісе суддзяў, якая пасля выбараў прысудзіла больш за тысячу сутак.

Ударныя тэмпы працы не засталіся незаўважанымі: Жуковіч знаходзіцца ў рэкамендаваным спісе асоб для ўвядзення індывідуальных санкцый з боку Еўрасаюза ад арганізацыі "Наш дом".

1 месца. Суддзя суда Першамайскага раёна г. Мінска Максім Трусевіч — 1570 сутак

1570 суток за четыре месяца: судьи — антирекордсмены по политическим делам

Абсалютны антырэкорд і першае месца дастаецца 31-гадоваму Максіму Леанідавічу з суда Першамайскага раёна сталіцы. За чатыры пратэставыя месяцы ён адправіў на суткі больш за 100 чалавек, якія ў суме адседзелі (нехта яшчэ сядзіць) 1570 сутак.

Такі паказчык паўстаў нездарма: калі іншыя калегі маглі адправіць "правапарушальнікаў" адбываць адміністрацыйны арышт, напрыклад, на пяць сутак, то тыя, хто трапляў да Трусевіча, менш за восем сутак не атрымлівалі наогул. "Пашанцавала" толькі пратэстоўцам, якіх ён судзіў у верасні: самыя "гуманныя" рашэнні ў восем, дзевяць і дзесяць сутак былі менавіта ў тым месяцы. А вось у жніўні, кастрычніку, лістападзе і пачатку снежня суддзя выпісваў свой "стандарт" у 14-15 сутак, а "паўторнікам" не скупіўся даць і максімальныя 25 сутак арышту.

Дарэчы, 8 верасня выдалася для Трусевіча па-сапраўднаму "стаханаўскім": ён адправіў на суткі дзесяць чалавек — усім ім давялося адседзець у ізалятарах ад васьмі да дзесяці сутак.

***

Інфармацыю пра судовыя рашэнні Еўрарадыё ўзяло з тэлеграм-канала "Списки задержанных". Цалкам імаверна, што валанцёры адсачылі не ўсе суткі, якія суддзі прысудзілі затрыманым. Таму колькасць дзён адміністрацыйных арыштаў можа быць большым.    

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі