138 тысяч беларусаў за год атрымалі від на жыхарства ў ЕС? Фактчэк

pexels.com
pexels.com

Некалькі дзён таму беларускія СМІ і сацсеткі растыражавалі навіну пра 138 тысяч беларусаў, якія атрымалі першы від на жыхарства ў Еўрасаюзе за 2018 год. Маўляў, паглядзіце, наколькі актыўна беларусы з'язджаюць са сваёй краіны на Захад! Калі пералічыць per capita — на душу насельніцтва — гэта ледзь не сусветны рэкорд!

Але ці сапраўды назіраецца рэзкі адток грамадзян Беларусі ў ЕС? Можа, з агучанай лічбай нешта не так?

Пры ўважлівым разглядзе высвятляецца, што з гэтых 137,7 тысячы відаў на жыхарства каля 100 тысяч выдадзена не на навучанне ці працу, а "па іншых прычынах". Што за яны? Гэта дазволы, выдадзеныя толькі для пражывання, для гуманітарнай, міжнароднай абароны, у тым ліку па статусе бежанца і дадатковай абароне.
 

Дык што, каля 100 тысячы беларусаў атрымалі від на жыхарства як бежанцы?

Нешта не верыцца. Адказ на пытанне ў метадалогіі, якой карыстаецца Еўрастат.

"У адпаведнасці з артыкулам 6.2 Рэгламента ЕС No 862/2007, у віды на жыхарства залічваюцца таксама доўгатэрміновыя нацыянальныя візы, тлумачыць навуковы дырэктар EAST Research Center Андрэй Елісееў. Гэта значыць, сюды прылічылі ўсіх, хто летась атрымаў польскую нацыянальную візу, — і ўладальнікаў картаў паляка, і тых, хто атрымаў візы па іншых (але не рабочых) прычынах. Усе яны — а такіх летась было 100 тысяч, прынамсі, такую ​​лічбу Польшча падала Еўрастату — і пайшлі ў катэгорыю "іншыя прычыны".

Аналітык дадае, што па міграцыі з Беларусі, безумоўна, будзе назірацца "мінус". Які — можна было б меркаваць па дадзеных перапісу. Але Елісееў мяркуе, што зафіксаваныя выпадкі "фармальнага" запаўнення анкет перапісчыкамі не пакідаюць надзеяў на тое, што лічба будзе дакладнай.

Такім чынам, са 137,7 першых відаў на жыхарства ў Еўрасаюзе, якія беларусы атрымалі за 2018 год, прыкладна 100 тысяч — гэта не пераезд назаўжды, а карты паляка і доўгатэрміновыя польскія візы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі