ЗША лічаць патрэбным развіваць адносіны з Беларуссю

Санкцыі Злучаных Штатаў у дачыненні Беларусі будуць дзейнічаць да той пары, пакуль афіцыйны Мінск не выканае ўмовы для іх адмены. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін.

Паводле яго слоў, санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўвялі з-за сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у нашай краіне. Але пры гэтым Рубін сказаў, што ЗША лічаць важным працягваць працу над паляпшэннем адносінаў з Беларуссю, хоць паміж краінамі існуюць рознагалоссі, у прыватнасці, у пытаннях правоў чалавека.

Прадстаўнік Дзярждэпу сказаў, што ў часе сустрэчы з беларускімі ўладамі бакі сышліся ў меркаванні, што трэба працягваць працу па пошуку рашэнняў.

“Мы лічым, што развіццё адносінаў паміж ЗША і Беларуссю, падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, падтрымка эканамічнага росту, гандлю, стварэння працоўных месцаў не канфліктуюць з тымі сферамі, у якіх у нас існуюць рознагалоссі. Насамрэч мы лічым, што паляпшэнне адносінаў паміж ЗША і Беларуссю ў праблемных сферах можа пазітыўна паўплываць на ўсе сферы”.

Эрык Рубін не паведаміў дакладнай лічбы беларускіх чыноўнікаў, якія трапілі ў візавы “чорны спіс” і цяпер не могуць наведваць ЗША.

“Але я хачу падкрэсліць: мы б хацелі, каб гэтыя абмежаванні былі адмененыя, для чаго неабходны прагрэс у рашэнні праблем, адзначаных у заканадаўстве. Гэта зрабіла б магчымым далейшае паляпшэнне адносінаў”, — сказаў Эрык Рубін у інтэрв’ю БелаПАН.

Паводле прадстаўніка Дзярждэпу, амерыканскі бок узгадняе сваю палітыку санкцыяў з Еўрасаюзам.

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін наведаў Мінск 26-28 лютага. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама меў перамовы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, з апазіцыяй і сваякамі палітвязняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі