Знойдзены архіў легендарнага фатографа Віджы

Лісты і 210 фотаздымкаў, зробленых знакамітым нью-ёркскім фатографам Віджы, знойдзены на гаражным распродажы ў Кентукі. На працягу бліжэйшага тыдня музей мастацтваў Індыянапаліса абвесціць пра набыццё архіва. Сума здзелкі невядомая.

Усе лісты Віджы адрасаваныя яго апошняй спадарожніцы жыцця - Вільме Уілкокс, з якой фатограф пражыў з 1957 года да сваёй смерці ў 1968-м. Сярод ізноў знойдзеных здымкаў Віджы няма ніводнага невядомага раней, але для індыянапаліскага музея, калекцыі якога ўсяго 15 гадоў, гэта ў кожным разе ўдалы набытак, тым больш што дагэтуль там размяшчаліся калекцыі фотаздымкаў канца XIX і канца XX стагоддзяў, а працы сярэдзіны XX стагоддзя амаль не былі прадстаўленыя.

Віджы пачынаў як фатограф для крымінальных рэпартажаў нью-ёркскіх таблоідаў, яго праславілі альбом здымкаў "Naked City" (1945). Калі да яго прыйшоў поспех (гэта адбылося ў сярэдзіне 1950-х), Віджы часам стаў працаваць фатографам на здымачнай пляцоўцы і кансультаваў выбітных рэжысёраў, у тым ліку Стэнлі Кубрыка.

Фота: www.artmag.com