Жыроўка патаннела, але насамрэч падаражэла

Жыроўка патаннела, але насамрэч падаражэла

Квітанцыі па аплаце камунальных паслуг за люты прыходзяць напрыканцы сакавіка. Мяркуючы па сацыяльных сетках, жыроўкі сапраўды таннеюць і больш не выклікаюць негатыўных каментарыяў. Заўважна гэта і па мінскіх разлікова-даведкавых цэнтрах, абураных жыхароў там амаль няма.

“Вы ж самі бачыце, што не так, як мінулым разам, — кіраўніца РДЦ №6 Маскоўскага раёна сталіцы паказвае на пустыя калідоры. — Вечарам было складаней, учора ўвогуле быў вельмі складаны дзень, бо ў мяне тры спецыялісты, два з якіх на сесіі, таму працуе толькі адзін. Справа не ў тым, што нейкія пытанні па сумах у жыроўках узнікаюць. Проста нехта чамусьці яшчэ не атрымаў, нехта заплаціў пазней, а яму гэта не ўлічылі. Заўсёды наведвальнасць вышэйшая ў першыя дні пасля прыходу жыровак”.

Такую ж сітуацыю назіраю ў Разлікова-даведкавым цэнтры №3 Ленінскага раёна Мінска. Яго кіраўнік сустракае Еўрарадыё нечакана: “Ну, рабяты, ну навошта вы спрабуеце злавіць рыбу ў мутнай вадзе?”. Але потым дадае, што гэтым разам ніякіх праблем не ўзнікае. Маўляў, тарыфы, па якіх адбыліся змены, пераразлічылі, кошты ў жыроўках знізіліся, вынікам усе задаволеныя.

“У лютым жа ацяпленне атрымалася таннейшым, бо месяц быў карацейшы і цяплейшы за папярэдні, — дзеліцца назіраннямі кіраўніца Разліковага цэнтра. — Абурэнняў значна менш. Мы ж па вялікім рахунку нікому не кажам пра гэта, але практычна па 60-100 тысяч за ацяпленне на кватэру прыйшло меней. А калі менш, то мы ж добра ўспрымаем. Нам не падабаецца, калі больш”.

Але пры гэтым амаль у два разы падаражэла вада і каналізацыя. Раней куб вады па тарыфе, датаваным дзяржавай каштаваў 2515 рублёў, цяпер — 4653. Быў і яшчэ тарыф — 8914 рублёў за куб вады. Але па ім нам налічвалі толькі чатыры апошнія дні студзеня, бо толькі ў гэты час ён быў зменены. Далей падняўся шум, Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца і ў выніку нам паведамілі, што вада патаннела амаль у два разы.

Па жыроўках бачна, што пераразлік ёсць толькі за тэхнічнае абслугоўванне ліфта, за прыборку дапаможных памяшканняў ды электраэнергію на асвятленне месцаў грамадскага карыстання. Бо па гэтых тарыфах змяніўся падыход да налічэння аплаты: раней бралі з квадратнага метра кватэры, а цяпер — у залежнасці ад колькасці чалавек, якія ў ёй жывуць.

“Праз змену сістэмы пераразлік атрымаўся нязначны" — у разлікова-даведчым цэнтры тлумачаць, чаму пераход на аплату з чалавека не прывядзе да росту коштаў.

У выніку бачым, што сума ў жыроўцы змянілася толькі праз колькасць дзён і тэмпературу паветра ў студзені і лютым, а не змены ў тарыфах і падыходах да налічэнняў. Калі б умовы былі роўныя, то жыроўка за люты яшчэ і… падаражэла б! За кошт павелічэння тарыфу на ваду.

Каб зразумець, ці ўсё ж такі рэальна патаннелі жыроўкі, бярэм студзеньскую квітанцыю і лічым яе паказчыкі па лютаўскіх тарыфах.

1. Тэхабслугоўванне застаецца без зменаў. У нашай кватэры плошчай 40.1 квадратнага метра за яго заплацім 39895,49 (тарыф — 994.9).

2. Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў раней лічылася па плошчы кватэры, цяпер — па колькасці прапісаных людзей. У нас прапісаныя тры чалавекі, але дзіця да сямі гадоў не ўлічваецца. Раней атрымлівалася 12549.3 (тарыф 312.95 рублі), цяпер — 10600 (5300 з чалавека).

3. Капітальны рамонт таксама без зменаў — 35288 рублёў.

4. Ацяпленне ў студзені атрымалася 141492.73 рублі. Пакідаем без зменаў.

5. Вада-каналізацыя ў студзені лічылася па тарыфе 2515.2. Спажылі жыхары кватэры 15 кубоў, 12 з якіх лічым па льготным тарыфе, а 3 — па поўным (9000 рублёў). Атрымліваецца, у студзені за ваду заплацілі 57 182 рублі, а па новым тарыфе (4653 рублі за куб) атрымалася б 82 836 рублёў.

6. Падагрэў вады застаецца без зменаў, бо тарыфы не мяняліся — за 7 кубоў у нашай кватэры налічылі 91 322.6 рубля.

7. Газавыя тарыфы таксама не змяніліся, на трох чалавек без лічыльніка гэта 67 800 рублёў.

8. Перапрацоўка смецця ў Мінску зноў жа засталася па старых тарыфах — 34260.7 рубля з трох чалавек за месяц.

9. Тэхабслугоўванне дамафона раней каштавала 14 200 ў месяц, цяпер па новых правілах гэтую суму абмежавалі 9 100 рублямі ў месяц.

10. Ну і на асвятленне пад’езда ў студзені нагарэла 12.09 кВт. Лічылі па тарыфе 1 188 рублёў і атрымалася 14362.92 рубля. У лютым тарыф знізіўся і стаў 990 рублёў за кілават. Адпаведна, і ў жыроўцы сума была б меншая — 11969.

Цяпер лічым. Студзеньская жыроўка прыйшла з сумай 508 354 рублі. А лютаўская, калі лічыць яе па паказчыках студзеня, але новых тарыфах — 524 564 рубля. То бок, жыроўка, якая патаннела, насамрэч яшчэ больш падаражэла, у нашым выпадку на 16 210 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі