Жыхары Літвы ацанілі мігрантаў: беларусы на трэцім месцы
Вільня
У Літве на замову віленскага офіса Міжнароднай арганізацыі міграцыі праведзена апытанне па ацэнцы мясцовымі жыхарамі мігрантаў. Найлепш літоўцы адносяцца да ўкраінцаў, якіх прыехала каля 50 тысяч чалавек — 8 балаў з 10. Мяркуецца, што ўкраінцы "лепш уліліся ў літоўскае грамадства". 36% апытаных не супраць, каб яны засталіся ў Літве, калі яны гэтага хочуць, 49% лічаць, што пасля вайны могуць застацца толькі тыя, хто вывучыў літоўскую мову і мае працу. Толькі 10% апытаных выказаліся за тое, каб украінскія ўцекачы з'ехалі, піша Delfi.
Літоўцы паставілі беларусаў трэцімі ў рэйтынгу прыхільнасці да мігрантаў. На другім месцы аказаліся мігранты з краін Цэнтральнай Азіі.
Відавочна, што на прыхільнасці літоўцаў да беларусаў адбілася роля РБ як саюзніка Расіі ў вайне супраць Украіны, а таксама ў міграцыйным крызісе, які прынёс шмат праблем для Літвы. Паводле статыстыкі, кожны чацвёрты замежнік у Літве — беларус. Пры гэтым большая частка беларусаў — высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яны жывуць у асноўным у Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.