Вы тут

Жонка афіцэра, якому далі 18 гадоў: лічыў, што войска павінна абараняць народ

Дзяніс Урад / "Вконтакте"

Арыштаваны на 18 гадоў экс-капітан Генштаба Дзяніс Урад у камеры не мае спальнага месца і спіць на дошцы, пакладзенай на падлозе. Пра гэта парталу TUT.by распавяла яго жонка Ірына.

Дзяніса Урада прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і асудзілі на 18 гадоў зняволення. Прысуд быў вынесены Вярхоўным судом 14 траўня, абскардзіць яго немагчыма. Правабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Падставай для абвінавачання стала тое, што 14 сакавіка 2021 года капітан сфатаграфаваў ліст міністра МУС да міністра абароны і адправіў яго аднаму з тэлеграм-каналаў. У лісце была просьба выкарыстаць войска супраць пратэстоўцаў на Дзень Волі. 

Дзянісу 29 гадоў, ён родам з пасёлка Расоны на Віцебшчыне. У 2014 годзе ён скончыў Вайсковую акадэмію і па размеркаванні трапіў на службу ў Генштаб.

Ірына кажа, што палітыку ў сям'і абмяркоўвалі і спадзяваліся на перамены. Учынак мужа яна тлумачыць эмацыйным узрушэннем: "Дзяніс, вядома, ведаў, што адбываецца ў краіне, па працы бачыў сакрэтныя дакументы. Думаю, ён проста не вытрымаў, магчыма, зрабіў гэта на эмоцыях. Дзяніс лічыў, што войска не павінна ваяваць са сваім народам, наадварот, войска павінна свой народ абараняць, а не ісці супраць яго".

Пра свой учынак Дзяніс Урад жонцы не паведаміў. 

Затрымалі капітана на наступны дзень, 15 сакавіка. "У яго быў выходны пасля дзяжурства, патэлефанавалі з працы і сказалі тэрмінова з'явіцца. Ён ужо разумеў, я думаю, па якім пытанні такая мітусня. Дадому ён ужо не вярнуўся. А ноччу да нас прыйшлі з ператрусам. Аператыўнікі паводзілі сябе карэктна, стараліся нават не абудзіць дзіця", — згадвае Ірына.

Па яе словах, Дзяніс вельмі перажывае, што не бачыцца з чатырохгадовым сынам — яны былі вельмі блізкія. 

Расказала жанчына, у якіх умовах знаходзіцца цяпер яе муж: "Калі расследаванне скончылася, яго перавялі пятым у камеру, дзе для яго няма спальнага месца, выдзелілі дошку, якую ўкладваюць на падлогу, на ёй ён і спіць ноччу".

Дзяніс і Ірыны кантактуюць толькі праз лісты. Пагаварыць яны не змаглі нават пасля абвяшчэння прысуду. Суд над капітанам быў закрытым. "Вядома, нам не далі пагаварыць, мы маглі толькі глядзець адзін на аднаго. У апошніх лістах муж прадбачыў, што ў яго будзе вельмі вялікі тэрмін, таму што ўжо ведаў, як яго справу "раздзьмулі" па тэлевізары. Цяпер у яго настрой, што нічога не зменіцца, у камеры ў іх навіны толькі па дзяржТБ. Тым больш што ў яго такі артыкул, што ён не можа абскардзіць прысуд, ўмоўна-датэрміновае вызваленне яму таксама не свеціць", — адзначае жонка.

Яна дадае, што ў цяжкую хвіліну адчула падтрымку не толькі ад сяброў і сваякоў, але і ад незнаёмых людзей: "Я радая, што наш беларускі народ такі спагадны. Падтрымка людзей — самае дарагое, што ў нас цяпер ёсць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.