Вы тут

Затрымалі вядомую баскетбалістку Алену Леўчанка

Алена Леўчанка ў студыі Еўрарадыё / кадр з відэа

Затрымалі вядомую баскетбалістку Алену Леўчанку, якая ўваходзіць у незалежны рух спартоўцаў SOS BY. Ёсць звесткі, што спартоўку адвезлі ў Ленінскі РУУС Мінска. 

Зранку 30 верасня Леўчанка затэлефанавала адвакату Міхаілу Кірылюку і сказала, што яе арыштавалі ў аэрапорце. Яна сказала, што яе вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Паведамляецца, што спартоўка збіралася вылецець на планавае лячэнне і рэабілітацыю (ёсць афіцыйныя дакументы). 

"Ведаю, што яна спрабавала вылецець з аэрапорта, калі яе затрымалі. Яна мне затэлефанавала і сказала пра гэта, што вязуць у Ленінскае РУУС. У Ленінскае РУУС мы накіравалі дакументы, што я яе абаронца, мне пакуль афіцыйна не пацвердзілі. Я апавясціў таксама суд, што з'яўляюся яе абаронцам, цяпер еду ў Ленінскае РУУС, буду размаўляць з начальнікам. Артыкул-23.34, з яе слоў, парушэнне парадку масавых мерапрыемстваў", — сказаў Кірылюк у размове з журналістам Еўрарадыё.

Нядаўна Алена Леўчанка разам з Андрэем Краўчанкам і Іванам Ганіным была ў студыі Еўрарадыё: спартоўцы адказвалі на пытанні Змітра Лукашука.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.