Затрымалі групу супрацоўнікаў спецслужбаў Украіны, якая працавала на ФСБ

 За дзяржаўную здраду пагражае пажыццёвае зняволенне

 За дзяржаўную здраду пагражае пажыццёвае зняволенне / t.me/SBUkr/

Затрымалі групу супрацоўнікаў спецслужбаў Украіны, якая працавала на ФСБ РФ. 5 падазраваных, былых і дзеючых спецслужбістаў, схапілі ў розных рэгіёнах краіны, піша hromadske.ua.

Сярод затрыманых — былыя супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны і Службы замежнай разведкі Украіны, а таксама супрацоўнік абласнога ўпраўлення СБУ. Па даных следства, яны трымалі сувязь з адным і тым жа куратарам — супрацоўнікам ФСБ, які знаходзіцца ў акупаваным Крыме. Агенты мелі заданне перадаваць Расіі разведданыя пра сілы абароны і стратэгічна важныя энэргааб'екты Украіны.

Супрацоўнік Службы замежнай разведкі Украіны быў завербаваны ФСБ яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Спачатку ён збіраў іфармацыю пра базы ўкраінскіх вайскоўцаў, а пасля 24 лютага 2022-га — пра каналы перапраўкі заходняга ўзбраення, пра асаблівасці працы і сістэмы аховы Ровенскай і Хмяльніцкай АЭС.

Для максімальнай канспірацыі афіцэр дасылаў інфармацыю не па тэлефоне, а перадаваў праз саўдзельніка. Той выязджаў за мяжу як валанцёр і асабіста даваў справаздачу прадстаўніку ФСБ. Асабліва адчувальную інфармацыю былы выведнік перадаваў на флэшцы праз кантрабандыстаў з памежных раёнаў Украіны.

Следства мае даныя, што ў працэсе вярбоўкі прадстаўнікі ФСБ пагражалі ўкраінскім афіцэрам забойствам іх сем'яў. Пры гэтым у далейшым за кожнае выкананае заданне агенты атрымлівалі грошы. За дзяржаўную здраду ім пагражае пажыццёвае зняволенне.

Затрыманне чарговай групы расійскіх агентаў пацвярджае меркаванне некаторых экспертаў, што ва Украіне дагэтуль удалося выкрыць толькі невялікую частку агентуры РФ. Пры гэтым украінскія спецслужбы рэгулярна праводзяць затрыманне і груп, і асобных агентаў.

Затрымалі групу супрацоўнікаў спецслужбаў Украіны, якая працавала на ФСБ
Затрымалі групу супрацоўнікаў спецслужбаў Украіны, якая працавала на ФСБ
Затрымалі групу супрацоўнікаў спецслужбаў Украіны, якая працавала на ФСБ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі