“Закупяць у канцы жніўня". У Мінску зніклі лекі для шчытавідкі

“Закупяць у канцы жніўня". У Мінску зніклі лекі для шчытавідкі

"А ў чым жа справа, #Мінздароўя? А як лячыць шчытападобную залозу, калі асноўнага прэпарата няма??? Краіна перажыла Чарнобыль, блін...", — піша 13 ліпеня ў сваім акаўнце ў Facebook карыстальніца Ірына Антонава маючы на ўвазе нямецкія таблеткі “Тыразол”.

“Калі змогуць закупіць, то закупяць ў жніўні"

Сапраўды, аптэчны пашукавік выдае, што “Тыразолу” ў продажы няма. На ўсялякі выпадак абтэлефаноўваем аптэкі. У адной з іх, на вуліцы Чырвонай, “Тыразол” усё ж знаходзіцца. Дзесяць упаковак са старых запасаў.

— Прэпарат у продажы адсутнічае, — кажуць у адной з аптэк "Белфармацыі".

—  Дык а што рабіць хворым?

— Ёсць украінскі лекавы сродак "Мерказаліл. Здароўе". Ён ідзе ў якасці замены “Тыразолу”.

— А даўно няма “Тыразолу”?

— Няма каля месяца. А з'явіцца павінен у жніўні.

— Чаму так позна?

— Гэта пытанне не да нас, а да вытворцы.

Прыкладна такія ж адказы чуем у іншых аптэках Мінска. Таксама фармацэўты высоўваюць версію, што прэпарат можа адсутнічаць у продажы, бо мае праблему з рэгістрацыяй. Але ў даведкавай службе 169 сітуацыю праясняюць:

"Яго няма ў продажы, бо няма пастаўкі ад вытворцы. Калі змогуць закупіць, то закупяць ў жніўні".

У аддзеле лекавага забеспячэння "Белфармацыі" дадаюць:

"Запланаваная пастаўка ў Рэспубліку Беларусь у канцы жніўня—пачатку верасня".

 

Лекі ўсё ж ёсць, але не для ўсіх

 

Афіцыйная прычына адсутнасці “Тыразолу” ў беларускіх аптэках ну вельмі дзіўная: рэбрэндынг упакоўкі! Што праўда, “Для забеспячэння пацыентаў, якія знаходзяцца на адтэрмінаваным забеспячэннi ў аптэках РУП "Белфармацыя" на аптэчным складзе ў абмежаванай колькасці маюцца ў наяўнасці лекавыя сродкі “Тыразол” таблеткі п/а 10мг упакоўка №50 і “Тыразол” таблеткі п/ а 5мг упакоўка №50”.

То бок, лекі ўсё ж ёсць, але не для ўсіх? У каментарыях да паста Ірыны Антонавай прэс-сактартарка Мінздароўя Юлія Барадун тлумачыць, што калі ў Ірыны ёсць рэцэпт, яна можа рэалізаваць яго ў аптэках “Белфармацыі” — прэпарат прывязуць з адмысловага склада. Але Еўрарадыё такіх прапановаў у аптэках “Белфармацыі” не рабілі.

 

“Такая сітуацыя склалася”

 

Адсутнасць лекаў у аптэках — не адзіная праблема ў медыцыне, якая ўзнікла ў апошні месяц — акурат у час, калі пачаліся антыкарупцыйныя зачысткі ў шэрагах чыноўнікаў ад медыцыны. У паліклініках цяпер вельмі цяжка здаць аналізы на гармоны шчытападобнай залозы — няма рэактываў. 10 ліпеня інфармацыю пра гэта апублікаваў блогер Антон Матолька

12 ліпеня Антону прыйшоў адказ ад Мінздароўя.

“Закупка рэагентаў за бюджэтныя сродкі для правядзення аналізаў на бясплатнай аснове праводзіцца праз стандартную працэдуру дзяржзакупкі — электронны аўкцыён, — адзначаецца ў адказе. — На гэта часам патрабуецца значна больш, чым было запланавана па не залежных ад ўстановы прычынах. Такая сітуацыя склалася ў 2-м квартале 2018 года ва ўсіх названых вышэй установах аховы здароўя [Гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры, 10-й бальніцы і Мінскім клінічным кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры. — Еўрарадыё]. Перш за ўсё ў такой сітуацыі арганізуецца выкананне гарманальных аналізаў пацыентам, якім нельга адтэрмінаваць іх выкананне па медыцынскіх паказчыках, у тым ліку цяжарным жанчынам”.

Чаму ўзніклі праблемы са “стандартнай працэдурай дзяржзакупкі”? Ці не таму, што кіраўнікі ўсіх ключавых устаноў, праз якія ажыццяўляюцца пастаўкі лекаў у Беларусь, знаходзяцца за кратамі? Нагадаем, у следчым ізалятары КДБ па “справе дактароў” цяпер знаходзяцца і кіраўнік "Белфармацыі" Вячаслаў Гніцій, і дырэктар Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў Аляксандр Сталяроў, і дырэктар буйной сеткі аптэк "Іскамед" Аляксандр Шакуцін, і кіраўнік фармацэўтычнага прадпрыемства “Экзон” Валерый Васкевіч, і намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі