Загінуў беларускі пісьменнік Браніслаў Спрынчан

У Мінску пад коламі аўтамабілю загінуў пісьменнік Браніслаў Спрынчан.  Вось што паведаміў Еўрарадыё інспектар аддзела прапаганды і агітацыі сталічнага ДАІ Аляксандр Гузаў:

"Гэта было ўчора ў 22.30 на праспекце Пераможцаў. П'яны кіроўца, 1962 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем "Аўдзі-80", здзейсніў наезд на пешахода, пенсіянера 79 гадоў, які пераходзіў дарогу па рэгуляваным пешаходным пераходзе на чырвонае святло. У выніку пенсіянер ад атрыманых траўмаў памёр на месцы".

Высветлілася, што ўтрыманне алкаголю ў крыві кіроўцы было на ўзроўні 3,56 праміле. Мікалай Чаргінец, кіраўнік афіцыйнага Саюза пісьменнікаў, паведаміў Еўрарадыё, што ўжо распачатая крымінальная справа. 

Пахаваны Браніслаў Спрынчан будзе на Паўночных могілках у Мінску.

Браніслаў Спрынчан
нарадзіўся 16 жніўня 1928 года ў вёсцы Каніж Новаміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці (Украіна). Ён працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса "Нёман". Друкаваўся ад 1949 года. Пісаў на рускай мове. Перакладаў творы беларускіх, украінскіх паэтаў на рускую мову.