За зборную Польшчы рыхтуецца выступаць яшчэ адна лёгкаатлетка з Беларусі

Марыя Жодзік

Марыя Жодзік / bfla.eu

За зборную Польшчы на Алімпіядзе ў Парыжы, магчыма, будзе выступаць лёгкаатлетка з Беларусі Марыя Жодзік, піша Onet.

Марыі Жодзік 27 гадоў, яна жыве ў польскім Беластоку з 2022 года. Яна займаецца скачкамі ў вышыню.

На чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы Беларусі ў 2021 годзе дзяўчына паставіла асабісты рэкорд, узяўшы бар'ер 1 м 96 см. Яна атрымала права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа, але не была дапушчаная да гульняў, бо беларускія спартовыя функцыянеры не забяспечылі своечасова працэдуру праходжання допінг-тэстаў.

Паводле звестак польскіх СМІ, Жодзік падала дакументы на польскае грамадзянства. Яе называюць найлепшай у сваёй дысцыпліне ў Польшчы. Калі лёгкаатлетка атрымае польскае грамадзянства і да 30 чэрвеня пакажа вынік у 1 м 97 см, то зможа ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Праўда, ёсць некалькі ўмоваў. Ёй трэба дачакацца пастановы польскага прэзідэнта Анджэя Дуды на гэты конт. І патрэбна скараціць перыяд, на працягу якога яна не можа выступаць за іншую краіну — такое рашэнне можа прыняць Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый.

У 2020-м Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў за свабодныя выбары і супраць гвалту з боку сілавікоў. Таксама яна асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.

Па словах лёгкаатлеткі, пасля пераезду ў Польшчу яна спачатку працавала ў рэстаране Mcdonald's і трэніравалася без якой-небудзь дапамогі. Цяпер у яе ёсць польскі трэнер.

Першай лёгкаатлеткай, якая стала выступаць за Польшчу, была бягуха на кароткія дыстанцыі Крысціна Ціманоўская. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі