За ўдзел у пратэстах у жыхара Мінска канфіскавалі машыну

Пратэсты ў Мінску / Ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё
Пратэсты ў Мінску / Ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё

У жыхара Мінска за ўдзел у акцыях пратэсту канфіскавалі аўтамабіль, пішуць праваабаронцы.

Суд над двума жыхарамі Мінска Сяргеем Жоглу і Віталём Рыбаковым адбыўся яшчэ ў ліпені. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ) і прызначылі пакаранне 2 гады і 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Мужчыны з прысудам не пагадзіліся і падалі апеляцыйныя скаргі ў Мінскі гарадскі суд. Адначасова аспрэчыць прысуд вырашыў і дзяржабвінаваўца. Ён запатрабаваў яшчэ і канфіскаваць аўтамабіль у аднаго з фігурантаў як "сродак здзяйснення злачынства". Матываваў гэта тым, што машына выкарыстоўвалася для блакавання праезнай часткі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.

Скаргі мінчукоў судовая калегія не задаволіла, затое падтрымала прадстаўніка пракуратуры — у выніку машыну канфіскуюць.

Праваабаронцы нагадваюць, што гэта не першы выпадак канфіскацыі аўтамабіля ў пратэстоўца. Так, 5 красавіка 2021 года ў судзе Першамайскага раёна Мінска аўтамабіль канфіскавалі ў 50-гадовага палітвязня Яраслава Збароўскага. Яго асудзілі на тры гады "хіміі" за блакаванне дарогі і ўзвядзенне барыкад у ноч з 10 на 11 жніўня каля ГЦ "Рыга". Палітвязень віны не прызнаў, казаў, што трапіў на месца мітынгу выпадкова — у той вечар ехаў павячэраць з жонкай і апынуўся ў заторы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі