За Mercury Prize будуць змагацца Radiohead і Роберт Плант

У аўторак, 22 ліпеня, у Лондане былі абвешчаныя намінанты 2008 года на прэстыжную музычную прэмію Mercury Prize. Фаварытам стаў гурт Radiohead з альбомам In Rainbows. Паводле паведамлення New Musical Express, нядрэнны шанец на перамогу мае сумесны альбом вакаліста Led Zeppelin Роберта Планта і кантры-спявачкі Элісан Краус Raising Sand.

Сярод іншых намінантаў Mercury Prize можна адзначыць дыск The Age Of The Understatement праекту The Last Shadow Puppets – дуэта лідэра Arctic Monkeys Алекса Тэрнэра і вакаліста The Rascals Майлза Кэйна, кружэлку Untrue ананімнага электроншчыка, які хаваецца пад псеўданімам Burial, а таксама новую працу гурта Elbow The Seldom Seen Kid.

Для тых, хто не ведае, незалежная прэмія Mercury Music Prize была заснаваная ў 1992 годзе ў якасці альтэрнатывы Brit Awards. Узнагарода ў 20 000 фунтаў стэрлінгаў (каля $40 000) штогод прысуджаецца аўтарам лепшага альбома, запісанага ў Вялікабрытаніі і Ірландыі.

Традыцыйна журы прэміі аддае перавагу музыкам, якія не маюць шырокага камерцыйнага поспеху.

У розныя гады пераможцамі прэміі станавіліся Primal Scream, Pulp, Portishead, Suede, Пі Джэй Харві, Antony and the Johnsons, Arctic Monkeys і Klaxons. Уладальнік прэміі за 2008 год будзе абвешчаны ў Лондане 4 верасня.

Фота: www.morethings.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі