За дзень апазіцыянераў аштрафавалі амаль на 70 мільёнаў рублёў

За дзень апазіцыянераў аштрафавалі амаль на 70 мільёнаў рублёў

24 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядаў цэлы шэраг адміністрацыйных спраў — за удзел у мітынгу прадпрымальнікаў 28 лютага і за іншыя акцыі пратэсту. Судзіць мусілі аж 18 грамадскіх актывістаў і палітыкаў. Некаторыя пастановы ўжо вынесеныя, некаторыя справы адпраўлены на дапрацоўку. Напрыклад, Уладзіміра Някляева на акцыі 28-га не было, але яго ўсё адно судзілі. Таму справу адправілі на дапрацоўку.

Вольга Нікалайчык, якая зладзіла на мітынгу перфоманс, са старым адзеннем для Лукашэнкі, Ярмошынай і чальцоў ураду, на працэс з’явіцца не змагла. І атрымала 10,5 мільёнаў рублёў штрафу (50 базавых).

“Скажу вам шчыра, я ўжо гатовая сядзець на сутках, чым плаціць гэтыя штрафы. Наперадзе мяне чакае яшчэ чатыры працэсы, і там будуць абвінаваўчыя прысуды. Тое, што за выказванне меркавання ў мастацкай форме мне "закатваюць" больш за 10 мільёнаў штрафу, нагадвае дзікі фарс”, — каментуе Вольга Нікалайчык Еўрарадыё адзін са сваіх прысудаў.

Такія самыя штрафы, як Нікалайчык, атрымалі палітыкі Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька, актывісты Леанід Кулакоў, Максім Вінярскі, Мікалай Казлоў. Пенсіянеру Аляксандру Абрамовічу, які таксама быў актыўны падчас мітынгу 28 лютага, далі ў пяць разоў менш — 2,1 мільёны рублёў (10 базавых). Мікалай Колас атрымаў 4,2 мільёны штрафу (20 базавых).

Толькі за 24 сакавіка беларускіх апазіцыянераў агулам аштрафавалі як мінімум на 69,3 мільёны рублёў.

Нагадаем, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года беларускія праваахоўныя органы перасталі саджаць апазіцыянераў на суткі. Іх падчас акцый пратэсту здымаюць на відэа, складаюць пратаколы, а потым даюць вялізныя па беларускіх мерках штрафы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі