З Расіі сыходзіць і Nokia

На долю Nokia і Ericsson на расійскім рынку прыходзілася да 60%, абедзве кампаніі сышлі з Расіі / pixabay.com
На долю Nokia і Ericsson на расійскім рынку прыходзілася да 60%, абедзве кампаніі сышлі з Расіі / pixabay.com

Фінскі вытворца тэлекамунікацыйнага абсталявання Nokia сыходзіць з расійскага рынку. Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце кампаніі. У кампаніі нагадалі, што "за апошнія тыдні мы прыпынілі пастаўкі, спынілі новы бізнэс", а цяпер вырашылі яшчэ і перанесці "навукова-даследчую дзейнасць за межы Расіі".

Кампанія не бачыць "ніякіх магчымасцяў працягваць [бізнес] у краіне ў бягучых абставінах", заявіў у інтэрв'ю Reuters кіраўнік Nakia Пека Лундмарк. У кампаніі ўдакладнілі, што будуць ажыццяўляць падтрымку кліентаў, пакуль не завершаць працэс сыходу з рынку.

Сур'ёзных фінансавых наступстваў для сябе ў кампаніі не бачаць. У 2021 годзе на долю Расіі прыпадала менш за 2% чыстых продажаў.

"Улічваючы высокі попыт, які мы назіраем у іншых рэгіёнах, мы не чакаем, што гэтае рашэнне паўплывае на нашу здольнасць дасягнуць (фінансавага) прагнозу на 2022 год, прадстаўленага ў справаздачы", — гаворыцца ў паведамленні.

Nokia вырабляе тэлекамунікацыйнае абсталяванне для мабільных, фіксаваных, шырокапалосных і IP-сетак. Яе кліентамі з'яўляюцца аператары сувязі па ўсім свеце. Сумарна гэтыя кампаніі абслугоўваюць 6,4 мільярды спажыўцоў. 

На днях пра адыход з Расіі заявіў яшчэ адзін вытворца тэлекамунікацыйнага абсталявання — шведская кампанія Ericsson. Ericsson і Nokia былі найбуйнейшымі еўрапейскімі пастаўшчыкамі абсталявання для сетак мабільнай сувязі ў Расіі. На іх долю на расійскім рынку прыходзілася да 60%, казалі крыніцы "Коммерсанта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі