Вы тут

З дакументаў знікаюць словы "Рэспублікі Беларусь": што адбываецца?

euroradio.fm

У лістападзе 2019 года адразу некалькі дзяржаўных ведамстваў прынялі папраўкі ў свае нарматыўныя дакументы, выключаючы з іх словы "Рэспублікі Беларусь". У сацсетках сталі гадаць: што адбываецца? Гэта хтосьці ўжо настолькі паверыў у "паглыбленне інтэграцыі", што загадзя рыхтуе законы да ўніфікацыі з расійскімі? У "здрадзе" былі заўважаныя як мінімум Мінюст, Мінбудархітэктуры, Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальны статыстычны камітэт.

"Лукашэнка рашэнне здаць Беларусь Крамлю яшчэ не прыняў, але беларускія чыноўнікі на ўсялякі выпадак надумалі перастрахавацца", — вырашылі канапавыя эксперты.

Як гэта выглядае

Белстат 15 лістапада 2019 года вырашыў памяняць адну са сваіх леташніх пастаноў: 

1.2. у форме дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасцi 1-адходы (Мінпрыроды) “Справаздача аб абыходжанні з адходамі вытворчасці”, зацверджанай гэтай пастановай:

у рэквізіце “Iнфармацыя аб адказнасцi” словы “ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь" замяніць словамі "ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі”;

з рэквізіта “Адрасная частка і тэрмін прадстаўлення” словы “Рэспублікі Беларусь” выключыць.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва 20 лістапада змяняе свае пастановы... аж за 3 снежня 2007 года!

у пункце 14:

у абзацы першым часткi чацвёртай пункта 15 словы "Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь" замяніць словамі "Нацыянальным банкам”;

з пункта 16 словы "Рэспублікі Беларусь" выключыць.

у пункце 25:

з часткi першай словы “да гэтай Інструкцыі” выключыць;

з абзаца адзінаццатага часткі другой словы “Рэспублiкi Беларусь” выключыць.

Еўрарадыё знайшло ў базе заканадаўчых актаў яшчэ некалькі дакументаў падобнага зместу.

У Нацыянальным статыстычным камітэце (пакуль яшчэ) Рэспублікі Беларусь нас супакойваюць: такія змены ўносяцца пастаянна. Будаваць канспіралагічныя тэорыі не трэба:

"Мы ж не карыстаемся заканадаўствам іншай краіны, таму ўдакладненне пра Рэспубліку Беларусь — гэта таўталогія", — тлумачыць Еўрарадыё прэс-сакратар ведамства Таццяна Лапкоўская. 

Профільныя дакументы змяняюцца для адпаведнасці стандартам закона "Аб нарматыўных прававых актах". У артыкуле 32 гаворыцца наступнае: "...найменні дзяржаўных органаў (арганізацый) і службовых асоб дзяржаўных органаў (арганізацый) у тэксце нарматыўнага прававога акта ўказваюцца без слоў "Рэспублікі Беларусь". Далей — спіс выключэнняў, да якіх словы "Рэспубліка Беларусь" дапісваць абавязкова.

Праўкі і праўда ўносяцца ўвесь час. Калі праверыць рэестр пастаноў дзяржаўных ведамстваў, то словы "Рэспублікі Беларусь" з розных дакументаў знікаюць кожны месяц. Лістапад 2019-га на агульным фоне вылучаецца хіба што паранояй напярэдадні падпісання дарожных картаў па "паглыбленні інтэграцыі" Беларусі і Расіі. Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, нагадаем, пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 20 снежня.

Чарговая хваля размоў пра інтэграцыю пачалася год таму. У снежні 2018-га падчас выступу на саюзным Саўміне ў Брэсце прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ў парадку, які прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. Згодна з ёй, у краін павінна быць адзіная валюта, адзіны суд, адзіная мытня.

Спецыяльна для канспіролагаў знаходзім пастанову ад кастрычніка 2018-га (больш чым за месяц да выказванняў Мядзведзева). У рамках барацьбы з таўталогіяй словы "Рэспублікі Беларусь" чыноўнікі скарачалі ўжо тады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.