Вы тут

З 2020 года за абразу Лукашэнкі асуджаныя 119 беларусаў

Суд / Еўрарадыё

Ад 2020 года па 20 студзеня 2022-га паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) трапілі пад крымінальны пераслед 119 чалавек. Такую статыстыку даюць праваабаронцы з цэнтра "Вясна".

69 з іх знаходзяцца ў турмах і калоніях. Некаторыя (напрыклад, гамяльчук Аляксей Раманаў, інвалід другой групы) ужо адбылі пакаранне і выйшлі на волю.

Як правіла, абвінавачаныя па гэтым артыкуле атрымліваюць ад аднаго да трох гадоў пазбаўлення волі.

На "хімію" накіраваныя 29 чалавек. Два з іх адбылі пакаранне, яшчэ два прайшлі суды і апеляцыі і  чакаюць, калі пачнуць адбываць пакаранне.

Чатыром чалавекам прысудзілі трохмесячны арышт, 15 — "хатнюю хімію" на тэрмін 1-2 гады.

Найменшае пакаранне па гэтым артыкуле атрымаў жыхар Старых Дарог — штраф у 150 базавых велічынь (4350 рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.