Yellow Brick Road прадстаўляюць апошнюю частку лайф-відэа "Futuremental"

Yellow Brick Road завяршае відэаэпапею "Futuremental" песняй "Every kiss a Treason". Менавіта гэтым трэкам каманда адкрывала канцэрт-прэзентацыю альбома "Futuremental", якая адбылася 28 снежня 2012 года.



Музыкі характарызуюць кампазіцыю "Every kiss a Treason" як "сумбурную і незразумелую", маўляў, пад яе ў публікі мусіла ўзнікнуць пытанне "што адбываецца?". Тым больш, удакладняе бубнач гурта Яўген Сухавей, трэк распавядае пра параною:

"Нам раней вельмі падабалася ўводзіць людзей у "ступар". Гэта наш маленькі унутрыбэндавы фетыш. Мы нават пяшчотна называем нашу музыку смеццем. Іншымі словамі, ратуемся самаіроніяй! А параноя, на наш погляд, мусіць наведваць кожнага нармальнага чалавека".



10 красавіка музыкі запрашаюць ў клуб TNT пазнаёміцца з новым гуртом Yellow Brick Road.



"Я думаю, што мы больш ніколі не будзем такімі, як на "Futuremental", — падводзіць вынікі Яўген. — Так што, гэтае лайф-відэа — свайго роду гісторыя. Гэта цікавы эксперымент, які звёў нас з дарогі і завёў у дрымучы лес. Аднак там мы знайшлі меч Экскалібур".



Красавіцкім канцэртам Yellow Brick Road адзначыць сваё 5-годдзе.