Яшчэ адзін жорсткі прысуд: палітвязень Дзмітрый Дубкоў атрымаў 7 гадоў калоніі

Яшчэ адзін жорсткі прысуд: палітвязень Дзмітрый Дубкоў атрымаў 7 гадоў калоніі

Палітвязень Дзмітрый Дубкоў атрымаў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне вынес суд Савецкага раёна Мінска (суддзя Алена Жуковіч). Яго прызналі вінаватым у "крадзяжы транспартнага сродку, які ўчынены з прымяненнем гвалту" (ч. 3 арт. 214 КК) і "ўдзеле ў масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК).

29-гадовы дальнабойшчык Дубкоў у ноч з 10 на 11 жніўня 2020-га ўдзельнічаў у пратэстах каля станцыі метро "Пушкінская". Па версіі следства, яго папрасілі перагарадзіць дарогу чужой машынай (грузавіком), што ён і зрабіў. Мужчына знаходзіцца за кратамі з 15 жніўня.

Дзмітрый Дубкоў заявіў у судзе, што гвалту з яго боку не было. "Я ўзяў ключы ў чалавека, перагнаў аўтамабіль па яго просьбе і вярнуў яго ключы", — сказаў ён. Таксама мужчына не згодны, што мелі месца "масавыя беспарадкі". "Усё, што я здзейсніў, гэта правапарушэнні па адміністрацыйным кодэксе, — заявіў ён. — Падобнае недапушчальна ў прававой дзяржаве, мяне паўгода трымаюць у палоне".

Таксама Дубкоў сказаў, што не згодны з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, бо "дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной асобы". "Я не разумею, чаму гэта адбываецца, цытуе словы палітвязня spring96.org. — Цяпер сотні сядзяць ні за што, і яны знаходзяцца ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы".

Падобны жорсткі прысуд прагучаў у канцы 2020-га ў Навагрудку. 47-гадовы пратэстовец Уладзімір Гарох таксама атрымаў 7 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі