Як у Еўропе адзначаюць 1 траўня? (Фота, відэа)

Беларусы ўспрымаюць Першамай як савецкую спадчыну. І адзначаюць адпаведна — па-савецку. З народнымі гуляннямі, бессэнсоўным стаяннем вакол трыбунаў і выступамі з гэтых самых трыбунаў:

“Мы, удзельнікі мітынга, разам з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, яе членскімі арганізацыямі, выступаем супраць спробаў увядзення Еўрапейскім саюзам эканамічных санкцый у дачыненні суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь”, — чытае па паперцы адзін з безназоўных “начальнікаў транспартнага цэха” у парку Горкага ў Мінску.

Штогод у Еўропе 1 траўня адбываюцца шматтысячныя дэманстрацыі. Дзень працы тут не ўспрымаюць як свята. Гэта нагода пратэставаць супраць пагаршэння ўмоваў жыцця і памяншэння вагі рэальнага сектара ў эканоміцы.

1 траўня ў Грэцыі. Нічога агульнага з традыцыйным мітынгам пад чырвонымі сцягамі, на які выходзяць беларускія пенсіянеры. Шматтысячны натоўп пратэстуе супраць палітыкі эканоміі, якую прасоўвае ўрад. Распавядае Марыя Лаўрэнціяду з камуністычнага прафсаюза.

“Людзі ўжо на мяжы. Яны гатовыя змагацца, змагацца за сваё штодзённае жыццё. Людзі перакананыя, што краіне неабходная тэрміновая сацыяльная рэформа”.

Сёлета грэчаскія прафсаюзы заклікалі правесці 1 траўня ўсеагульны страйк.

 

 

1 траўня гэта “чырвоны дзень календара” ў 142 краінах свету. Мітынгі праходзяць ва ўсіх краінах Еўропы, за выняткам, хіба што, Ватыкана. Французы патрабуюць, каб улады зменшылі ціск на незалежныя прафсаюзы. Тут Дзень працы — зусім не свята, а барацьба за захаванне працоўных месцаў.

У Лондане таксама адзначаюць Labour Day. Першамайская дэманстрацыя праходзіць мірна:

 

У Германіі 1 траўня заўжды праходзіць вельмі напружана. "Ультраправыя" карыстаюцца датай, каб зладзіць свае акцыі ў піку сацыялістам. Сутычкі рэгулярна сканчаюцца гвалтам. У 2010 годзе ў Берліне група антыфашыстаў перакрыла шлях дэманстрацыі неанацыстаў, зладзіўшы сядзячы страйк (глядзіце відэа ніжэй). Паліцыі было не да першамайскіх урачыстасцяў!

Як заўжды, неспакойна 1 траўня і ў Турцыі. У Стамбуле першамайская дэманстрацыя перарасла ў сутычкі з паліцыяй.

 

У Беларусі ж 1 траўня праходзіць спакойна. Афіцыйныя прафсаюзы праводзяць у Мінску "шматтысячны" мітынг, але тут непажаданы нават намёк на незадавальненне правамі рабочых. Брэсцкім сацыял-дэмакратам першамайскую дэманстрацыю забаранялі 10 гадоў запар. Сёлета яны ўсё ж ладзяць сваю акцыю “за сацыяльна-эканамічныя правы”.

Але з большага свята працы, у 1920-я ўдала адаптаванае пад савецкую партыйную ідэалогію, у постсавецкай Беларусі працягвае выконваць дэкаратыўную функцыю.

Фота: Guardian.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі