Вы тут

Як шараговаму беларусу стаць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу?

А чаму б мне не стаць паўнапраўным дэлегатам Усебеларускага народнага сходу — адным з 2500 дэлегатаў? Ну ці ж я не народ? І таксама хачу трапіць на “народнае” свята з канцэртам коштам 800 мільёнаў народных рублёў.

Вось і ў прэзідэнцкім указе напісана, што “ўдзельнікі сходу абіраюцца (!) на раённых (гарадскіх) сходах упаўнаважаных”. Застаецца высветліць, як тымі ўпаўнаважанымі робяцца.

Калі верыць указу, то абіраюцца ўпаўнаважаныя, што нядзіўна, найперш “калектывамі работнікаў арганізацый, вайскоўцамі” і гэтак далей. Але ёсць і больш даступныя варыянты: “грамадзянамі па месцы жыхарства” і “грамадскімі аб’яднаннямі”. Я і грамадзянін з пэўным месцам жыхарства, і сябра грамадскага аб’яднання — Беларускай асацыяцыі журналістаў. Такім чынам, высвятляем нюансы абрання па першым варыянце.

З пытаннем, як мне правільна і па законе правесці сход “грамадзян па месцы жыхарства” для абрання мяне ўпаўнаважаным, звяртаюся ў ідэалагічны аддзел Адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы. І тут даведваюся першы момант, у прэзідэнцкім указе не прапісаны: каб быць абраным, неабходна сабраць 300 подпісаў на сваю карысць. Але гэта яшчэ не ўсё, папярэджвае кіраўнік упраўлення ідэалагічнай працы раёна Андрэй Казакевіч.

“Калі будзеце праводзіць мерапрыемства на вуліцы, то трэба мець на ўвазе, што ўсе мерапрыемствы, што праходзяць на адкрытых пляцоўках, узгадняюцца ў межах закона “Аб масавых мерапрыемствах” з Мінгарвыканкамам”.

Па законе нават калі больш трох бабулек на лаве ля пад’езда збярэцца — ужо масавае мерапрыемства, а трэба як мінімум 300 чалавек сабраць! Але няўжо не будзе якога “ліберальнага паслаблення” напярэдадні ўрачыстага мерапрыемства — лічы, дэлегата на Усебеларускі народны сход народ абірае!

Андрэй Казакевіч: “Указ падпісаны толькі ўчора. Калі будуць зробленыя нейкія метадычныя рэкамендацыі, у прыватнасці, па правядзенні сходаў насельніцтва па месцы жыхарства, то мы вам паведамім”.

Добра, сход суседзяў я ўсё ж правёў і вылучэння мяне “ўпаўнаважаным” ад іх дамогся ды ўсё на паперцы прыгожа аформіў — што рабіць далей?

“Афармляеце рашэнне сходу грамадзян па месцы жыхарства ў пратакол і прадстаўляеце ў раённы арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы Усебеларускага сходу”, — тлумачыць Андрэй Казакевіч.

А калі я яшчэ і выступіць хачу з высокай трыбуны?

Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч прапануе звяртацца у той жа камітэт, адтуль перакінуць вышэй, і там, наверсе – у рэспубліканскім камітэце, вырашаць, ці дадуць слова.

Але тэарэтычна шансы стаць дэлегатам сходу ў мяне ёсць. Толькі не хацелася б быць адзіным сярод 2500 дэлегатаў прадстаўніком “альтэрнатыўнага меркавання”… Добра, каб у маёй кампаніі была прыгожая альтэрнатыўная жанчына. Таццяна Караткевіч, да прыкладу — яна ж любіць з рознымі дэпутатамі, сенатарамі ды міністрамі сустракацца. А тут такая магчымасць… паказаць сябе!

“Што такое сход усебеларускі? Там усе збяруцца, але ж дыскусіі не будзе!” — аджартоўваецца Караткевіч.

“Сход той — гэта такое піяр-мерапрыемства для аднаго, там не прадугледжана ніякага дыялогу, — падтрымлівае Таццяну Андрэй Дзмітрыеў. — Там фармат, калі адзін гаворыць, а ўсе астатнія слухаюць, пагаджаюцца, падтрымліваюць і пляскаюць у ладкі. Такі погляд на дыялог не супадае з нашым бачаннем”.

Нават у “Гавары праўду” не вераць, што шараговаму беларусу, а тым больш з “альтэрнатыўным меркаваннем”, рэальна стаць дэлегатам Усебеларускага сходу.

Фота: Еўрарадыё