Вы тут

Высланы з Беларусі журналіст "Первого канала" — ужо ў Расіі

Аляксей Кручынін / facebook.com

6 траўня МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі карэспандэнта расійскага "Первого канала" Аляксея Кручыніна. У той жа дзень ад журналіста запатрабавалі выехаць з краіны, расказаў Кручынін Еўрарадыё:

— Нам [журналісту і аператару. — Еўрарадыё] у МЗС зачыталі пастанову аб пазбаўленні акрэдытацый. Ад мяне запатрабавалі выехаць з краіны. Ніякіх папер на рукі не далі. Афіцыйна ўезд у Беларусь цяпер не забаронены.

У беларускім дыпламатычным ведамстве заяўляюць, што Кручынін парушыў палажэнне аб акрэдытацыі замежных журналістаў на тэрыторыі Беларусі. Падставай для анулявання акрэдытацыйнай карткі стала даванне недакладнай інфармацыі, а таксама звестак, не адпаведных рэчаіснасці.

 

Сюжэт БТ / tvr.by

У прафесійнай супольнасці высылку Аляксея Кручыніна звязваюць з рэпартажам, які ён зрабіў для "Первого канала" з райцэнтра Стоўбцы пад Мінскам. 6 траўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" выйшаў адказ расійскаму журналісту — 18-хвілінны рэпартаж "Інфармацыйная атака на Беларусь. 7 фэйкаў у адным сюжэце федэральнага канала Расіі". Беларускія журналісты называюць сюжэт Кручыніна прапагандысцкім дном.

— Наконт "расследавання" БТ, шчыра кажучы, каментаваць няма чаго. Адно магу сказаць — я адказваю за кожнае сваё слова, — каментуе Еўрарадыё рэпартаж БТ Аляксей Кручынін.

Расійскі "Первый канал" заявіў, што дзеянні беларускіх уладаў беспадстаўныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.