Выказваем заклапочанасць: бясплатнае жыллё ад Airbnb і пазоў супраць "Нірваны"

Коратка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Коратка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Самыя цікавыя сусветныя навіны за 25 жніўня — у нашым традыцыйным дайджэсце!

Airbnb бясплатна дасць жыллё ўцекачам з Афганістана
 

Сэрвіс дасць жыллё 20 тысячам афганскіх уцекачоў па ўсім свеце. Пра гэта ў твітары паведаміў гендырэктар кампаніі Браян Чэскі.

За пражыванне ўцекачоў заплаціць кампанія, але, па словах Чэскі, размяшчэнне стала магчымым дзякуючы гасціннасці ўладальнікаў жылля. Кіраўнік Airbnb заклікае ўсіх, хто гатовы размясціць у сябе дома ўцекачоў, звязацца з кампаніяй.

"Перамяшчэнне і перасяленне афганскіх уцекачоў у ЗША і іншыя краіны — адзін з найбуйнейшых гуманітарных крызісаў нашага часу".

Малы з вокладкі альбома "Нірваны" абвінаваціў гурт у распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі

Выражаем озабоченность: бесплатное жильё от Airbnb и новый иск против “Нирваны”
Спэнсэр Элдэн / твітар

30-гадовы Спэнсэр Элдэн, якога ў чатырохмесячным узросце сфатаграфавалі галышом на вокладку альбома гурта "Нірвана", падаў у суд на гурт і патрабуе ад усіх датычных кампенсацыі ў памеры 2,25 млн долараў.

Спэнсэр сцвярджае, што яго бацькі не давалі пісьмовай згоды на выкарыстанне гэтай фатаграфіі, і абвінавачвае "Нірвану" ва ўцягванні яго ў дзіцячую парнаграфію. Элдэн патрабуе па 150 тысяч долараў з кожнага з 15 адказчыкаў. Сярод іх — двое музыкаў "Нірваны", якія яшчэ жывуць, — Дэйв Грол і Крыст Наваселіч, удава лідара гурта Курта Кабэйна Кортні Лаў і фатограф Кірк Уэдл.

У пазове гаворыцца, што праз фатаграфію імя і асоба Спэнсэра Элдэна "назаўжды звязаныя з камерцыйнай сексуальнай эксплуатацыяй, якую ён перажыў у дзяцінстве" і гэта прыводзіць яго ў стан "перманентнай крайняй эмацыйнай прыгнечанасці". Раней Элдэн па-іншаму ставіўся да гэтай славы: ён тройчы здымаўся ў "рымейках" той фатаграфіі.

Амерыканскія спецслужбы не высветлілі, адкуль узяўся COVID-19
 

Яны не пацвердзілі і не абверглі ні версію пра мутацыю пры натуральнай перадачы віруса ад жывёлы да чалавека, ні больш скандальную версію пра ўцечку віруса з лабараторыі ў Кітаі.

Пра тое, што даклад прадстаўлены прэзідэнту Джо Байдэну, але не дае адказу на пытанне пра паходжанне віруса, паведамляюць Washington Post, New York Times і Wall Street Journal. Нагадаем, што ў траўні Байдэн даручыў выведвальнай супольнасці праверыць усе версіі і прадставіць свае высновы праз 90 дзён.

Як піша Wall Street Journal, выведка не атрымала доступу да некалькіх масіваў звестак, якія захоўваюцца ў Кітаі.

На Кубе завяршаюцца выпрабаванні дзіцячай вакцыны ад каранавіруса
 

На гэтым тыдні больш за 300 непаўналетніх ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў атрымалі трэцюю дозу для завяршэння імунізацыі.

Кубінскія спецыялісты распрацавалі дзве вакцыны супраць каранавіруса. Але яны да гэтага часу не прызнаныя СААЗ. Улады вострава плануюць правесці поўную вакцынацыю насельніцтва да канца года. На сёння поўны курс вакцынацыі прайшлі каля 3 млн грамадзян.

У кітайскіх школах пачнуць вывучаць дактрыну "Думкі Сі Цзіньпіна пра сацыялізм"

Выражаем озабоченность: бесплатное жильё от Airbnb и новый иск против “Нирваны”
Сі Цзіньпін / Сіньхуа

— Дактрына "Думкі Сі Цзіньпіна пра сацыялізм з кітайскай спецыфікай у новую эпоху" дапаможа падлеткам зацвердзіць марксісцкія перакананні, — гаворыцца ў новых дырэктывах Міністэрства адукацыі Кітая.

Дактрыну плануюць выкладаць пачынаючы з пачатковых класаў школы і аж да ўніверсітэта, паведамляе агенцтва "Сіньхуа". "Думкі" напісаныя на аснове выступленняў старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

У 2018 годзе згадку дактрыны дадалі ў Канстытуцыю краіны. Яе асноўныя палажэнні — лідарства Камуністычнай партыі Кітая над усімі формамі працы ў КНР, умацаванне партыйнай дысцыпліны і паляпшэнне дабрабыту насельніцтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі