Вы тут

Вінярскаму далі дзесяць сутак арышту, Сіўчыку — пяць

Максім Вінярскі. Фота з Фэйсбука

Стала вядома, колькі правядуць за кратамі затрыманыя сёння актывісты апазіцыі.

Вячаслаў Сіўчык хутчэй за ўсё будзе адбываць пяць сутак арышту, атрыманыя завочна. Пра гэта парталу tut.by паведаміў палітык Ігар Лялькоў. Сіўчыка асудзілі ў кастрычніку 2017 года за ўдзел у святкаванні Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня. 

Максім Вінярскі правядзе за кратамі 10 сутак, паведаміў яго паплечнік Леанід Кулакоў. Яго асудзілі за акцыю 13 сакавіка. Тады актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" вывесілі на праспекце Незалежнасці, ля ўваходу ў парк Чалюскінцаў вялікую расцяжку "Свабоду Хартыі-97!" У падтрымку заблакаванага ў Беларусі сайта.

Уладзімір Някляеў, хутчэй за ўсё, правядзе за кратамі таксама 10 сутак. Праваабаронцы мяркуюць, што яго затрымалі па завочным прысудзе, вынесеным у лістападзе 2017 года. Тады Някляева асудзілі за "Марш абураных беларусаў", які прайшоў 21 кастрычніка 2017-га.