Валанцёр для Ромы: як я тры дні дапамагала падлетку, хвораму на анкалогію

Валанцёр для Ромы: як я тры дні дапамагала падлетку, хвораму на анкалогію

Я ніколі не была валанцёрам. Але гэтым разам, напрыканцы жніўня 2017-га года, прачытаўшы ў фэйсбуку аб'яву Беларускага дзіцячага хоспіса пра тое, што 16-гадоваму Рому, у якога пухліна ў галаве, патрэбная дапамога, адгукнулася. Саспела. Задача была простай: у 9.30 я мусіла забіраць Рому ў вазку з яго палаты ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, спускаць на першы паверх на грузавым ліфце, садзіць у аўтамабіль, суправаджаць яго ў "дарослую" анкалогію на апраменьванне, а потым прывозіць назад у палату.

У Ромы выявілі пухліну ў галаўным мозгу нядаўна. Яна паўплывала на зрок, на правую руку і нагу. Рука не рухаецца. Хадзіць хлопец на момант нашага знаёмства амаль не можа. Аднак дапамагчы яму перасесці з ложка на вазок, надзець світшот і красоўкі — няцяжка. Іншая справа — пераадолець з Ромам у вазку бардзюр — ля дзіцячай анкалогіі, дзе лечацца цяжкахворыя пацыенты, многія з якіх не ходзяць, няма заніжаных бардзюраў!

Але пра ўсё па парадку. Выявілася, што цывілізаваны пад’езд да дзіцячай анкалогіі (да прыёмнага пакоя) — на рамонце. Прычым не адзін месяц.

“Я ў канцы ліпеня сыходзіў у адпачынак, ужо ішоў рамонт. Выйшаў — нічога не змянілася”, — кажа адзін з кіроўцаў, з якім мы вязём Рому на апраменьванне ў апошнія дні жніўня. 

 

Валанцёр для Ромы: як я тры дні дапамагала падлетку, хвораму на анкалогію
Хуткая, у якой хворых возяць на працэдуры

А пад’ехаць за цяжкахворымі пацыентамі да галоўнага ўваходу іншым спосабам — той яшчэ квэст.

У мой першы валанцёрскі дзень, панядзелак, па Рому прыязджае сучасны мікрааўтобус Peugeot. Пераскочыць праз 30-сантыметровы бардзюр ля плота ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі нам дапамагае кіроўца. У бусіку нізкі парог, таму праблем залезці на яго з дапамогай маёй і кіроўцы ў хворага Ромы не ўзнікае. Але назад мы вяртаемся ўжо на класічнай савецкай “хуткай”.

Старыя "хуткія" — аскетычны транспартны сродак, з дзвюма цвёрдымі лаўкамі па баках. Трымацца можна толькі за спецыяльныя ручкі пад столлю. Пасярэдзіне за спінай кіроўцы стаіць крэсла. Але цяжкахвораму чалавеку да яго яшчэ трэба дабрацца. Ды і сядзець на ім небяспечна — на першым жа спячым паліцэйскім можна лёгка вылецець з такога крэсла — ніякіх рамянёў, каб прышпіліцца. Але самае істотнае — залезці хвораму ў такую “хуткую”. Калі гэта рабіць праз заднія дзверы — даводзіцца пераадольваць вышыню ў адзін метр. Калі праз бакавыя — 70 см, што таксама нялёгка. Далей — больш. Кіроўца, напэўна, каб было хутчэй, “вяртае” Рому ў бальніцу па самай кароткай дарозе. Заязджае ў двары шматпавярховіка і трапляе на разбітую ямамі прасёлачную дарогу. Потым праз задні двор бальніцы, проста па бардзюрах і прыгожых газонах, падвозіць Рому да параднага ўвахода. Увогуле ў "хуткай" падтрэсвае, але апошнія 5 хвілін такой паездкі праз яміны і бардзюры — сапраўднае выпрабаванне для хлопца, у якога пухліна ў галаве і якому толькі што рабілі апраменьванне. “Хуткую” не проста трасе, а страшна трасе. Не дзіва, што пасля гэтага хлопец проста падае на ложак — такая “працэдура” ідзе яўна не на карысць яго здароўю.

Валанцёр для Ромы: як я тры дні дапамагала падлетку, хвораму на анкалогію
Дарога, па якой некаторыя кіроўцы возяць хворых дзяцей на лячэнне

У аўторак Рому горш. Баліць галава. Доктар кажа, што гэта нармальна для цяперашняй сітуацыі: праз некалькі тыдняў апраменьвання яго стан палепшыцца. А пакуль жа мы зноў едзем у корпус прамянёвай тэрапіі, што ў “дарослай анкалогіі”. Зноў на архаічнай “хуткай”, куды літаральна запіхваем прыкладна 70-кілаграмовага Рому — самастойна залезці ў яе хлопец не можа. Зноў па той жа “трасучай” дарозе. У Ромы пухліна, і яму трэба гераічна цярпець “калатун” у машыне, каб даехаць да сучасных апаратаў, якія выратуюць яго жыццё.

Само апраменьванне цягнецца 10 хвілін. Доўга сядзець у чарзе нам ні разу не выпадала: цягам гадзіны працэдура прызначаецца чатыром-пяці пацыентам. Хто першы прыедзе — той першы і пойдзе. Максімум, які нам даводзіцца чакаць, — 20 хвілін. У невялікай чарзе — дзеці з бацькамі ці бабулямі.

“Гэтаму хлопчыку будуць рабіць ужо трэцюю аперацыю. Але ў Германіі. Яна вельмі рызыкоўная, таму бацькі баяцца. Аперацыя каштуе 60 тысяч еўра”, — разгаворваемся з жанчынай, яна паказвае на хлопчыка гадоў 10-ці. Мая суразмоўца таксама чакае апраменьвання пасля другой аперацыі. Дактароў і саму медыцынскую ўстанову хваліць. Кажа, што тут працуюць прафесіяналы з вялікай літары і ўважлівыя людзі і што ўмовы ў лякарні вельмі добрыя. Не спрачаюся, але заўважаю, што часта хворым усё адно даводзіцца шукаць паратунку за мяжой, а дзяржава рэдка дае на гэта грошы, хоць і атрымлівае за высакласныя аперацыі па перасадцы органаў добрыя сумы. Аднак жанчына апелюе:

“Грошы ідуць на абсталяванне. Паглядзіце, колькі тут апаратаў і рознага кшталту тэхнікі. Яна каштуе вельмі вялікіх грошай і ратуе жыцці тысяч. А так бы выратавала жыццё некага аднаго”.

Так, у нас ёсць патрэбныя апараты (хоць і ходзяць чуткі, што яны пастаянна псуюцца), якія дапамагаюць тысячам. Але канкрэтнаму Рому ці дапаможа такі апарат, калі трапіць на працэдуру — яшчэ тая прыгода?

На зваротным шляху прашу кіроўцу высадзіць нас з Ромам ля плота ў дзіцячую анкалогію. Праз вялікую паркоўку спрабуем выехаць на дарожку і ў корпус. Але вакол паркоўкі — традыцыйны 20-сантыметровы бардзюр і ніводнага з’езда для вазка. Нас выручае мужчына — дапамагае перасунуць вазок да дарожку.

Пачынаю біць трывогу. Сустракаю доктара. Кажу, што мне не падабаецца транспарт, на якім возяць Рому, што Рому кепска і наўрад ці такія паездкі ідуць на карысць яго здароўю. Вельмі спадзяюся, што доктар мяне не зразумеў. Падумаў, што гэта ўласна мне, такой “зорцы”, не падабаецца транспарт, бо яго адказ расчароўвае:

“Я да “гаража” маю такое ж дачыненне, як і вы. Звяртайцеся туды”.

Акей. З чарговым кіроўцам (за тры дні я пазнаёмілася з пяццю) зноў спрабуем завалакчы Рому ў хуткую. Цікаўлюся, як звязацца з гаражом. Ён, разумеючы, як Рому цяжка, абяцае дапамагчы. У гэты дзень, сераду, з адпачынку выходзіць псіхолаг анкацэнтра. Яна пачынае апекавацца Ромам і таксама разумее, што сітуацыю трэба мяняць. Па дарозе назад нас абнадзейваюць:

“Па Рому цяпер будзе прыязджаць Peugeot”.

І Peugeot прыязджае. Кіроўца едзе акуратна, каб менш трэсла пасажыраў. Едзе хаця б не праз яміны, але зноў па газонах. Таму што па-іншаму трапіць у галоўную ў краіне дзіцячую анкалогію ўжо два месяцы немагчыма. 

Валанцёр для Ромы: як я тры дні дапамагала падлетку, хвораму на анкалогію
Пад’езд у дзіцячую анкалогію па-ранейшаму на рамонце. Фота зроблена 12.09.2017

А Рому палепшала. Ён цяпер сам ходзіць па пакоі і спадзяецца хутка паехаць дадому ў Гомельскую вобласць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі