Вакаліст Take That падтрымаў марыхуану

Вакаліст брытанскага бойз-бэнда Take That Говард Дональд апынуўся ў цэнтры скандалу.
Справа ў тым, што спявак публічна падтрымаў легалізацыю лёгкіх наркотыкаў. Паводле меркавання 39-гадовага выканаўцы, марыхуана значна больш бяспечная, чым цалкам легалізаваны алкаголь, і яе ўжыванне зрабіла б свет "больш добрым і светлым".

Дональд лічыць, што “марыхуана павінна быць легалізаваная. Калі б людзі ўжывалі каноплі замест алкаголю, то паменшылася б колькасць боек, людзі сталі б паводзіць сябе больш спакойна і стрымана, а ўзровень гвалту стаў бы істотна ніжэйшым".

Актывісты "антынаркатычнага" руху адразу ж назвалі заяву музыкі "безадказнай" і "абсурднай", свае словы яны падмацавалі звесткамі пра тое, што рэгулярнае ўжыванне марыхуаны прыводзіць да незваротных змен псіхікі чалавека.

Нагадаю, што сярод знакамітасцяў, якія адкрыта выступаюць за легалізацыю канопляў, ёсць удзельнік гурта The Wailers Пітар Тош, акцёр Вудзі Харэльсан, музыкі гурта Ska-P і іншыя вядомыя асобы свету шоў-бізнэсу.

Фота: www.viva.tv