Вы тут

Ва ўрадзе патлумачылі, чаму ўзнікла праблема з малаком у крамах

Пакуль не знайшлі замену тэтрапаку, малако будуць часцей разліваць у ПЭТ-бутэлькі і плёнкавую ўпакоўку / intex-press.by​

З малаком праблем няма, ёсць праблема з упакоўкай, патлумачыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка. Пра гэта расказвае БЕЛТА. 

Нагадаем, днямі жыхары Слуцка расказвалі, што не могуць купіць малако. Праблемай сталі і вяршкі. З'явіліся пытанні і да якасці прадукцыі: малако аказвалася кіслым, хоць тэрмін прыдатнасці яшчэ не скончыўся. Скарачэнне выбару малочнай прадукцыі адзначылі і жыхары Мінска.

Шагойка прызнаў, ёсць "пэўнае звужэнне асартыменту малочнай прадукцыі, звязанае з упакоўкай". Ён патлумачыў гэта тым, што паўсталі "пэўныя складанасці з тэтрапакамі, але гэтае пытанне вырашаецца". 

Пакетаў тэтрапак не стала праз санкцыі. Цяпер беларускія вытворцы малочнай прадукцыі шукаюць альтэрнатыву: спрабуюць дамовіцца з "вытворцамі Кітая і іншых дружалюбных краін".

"Цяпер ужо завезеныя партыі для выпрабаванняў для замены гэтай упакоўкі, каб вярнуць звыклы людзям асартымент, які быў да санкцый", — заявіў Шагойка. Пакуль жа, па яго словах, беларускія вытворцы часцей разліваюць малако ў ПЭТ-бутэлькі і плёнкавую ўпакоўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.