"Ва Украіне не засталося месцаў, дзе няма ваеннай пагрозы" — 22-я раніца вайны

У горадзе Мерэфа Харкаўскай вобласці ў выніку расійскага абстрэлу мінулай ноччу разбураныя школа і Дом культуры / ДСНС Украіны
У горадзе Мерэфа Харкаўскай вобласці ў выніку расійскага абстрэлу мінулай ноччу разбураныя школа і Дом культуры / ДСНС Украіны

У Кіеве гэтай ноччу зноў было неспакойна. Гучала паветраная трывога. Рэшткі збітай ракеты ўпалі на 16-павярховы дом. Пачаўся пажар, частка дома разбураная. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны. Па папярэдніх дадзеных, адзін чалавек загінуў, яшчэ трое пацярпелі.

Паветраныя трывогі гучалі мінулай ноччу ў Краматорску, Славянску і Лімане, паведамляе ўкраінскае тэлебачанне "Громадське". А ў горадзе Мярэфа ў Харкаўскай вобласці ў выніку расійскага абстрэлу былі разбураныя школа і Дом культуры, пашкоджаныя жылыя дамы.  Ёсць страты сярод вайскоўцаў, грамадзянскія не пацярпелі.

Ва Украіне не засталося месцаў, дзе адсутнічае відавочная ваенная пагроза, кажа кіраўнік МУС краіны Дзяніс Манастырскі.

"Мы ўжо не назавем вобласці, дзе не адбываліся абстрэлы, ці дзе не знаходзіліся прадстаўнікі дыверсійных груп", — заявіў ён у сумесным эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў. Паводле яго слоў, затрыманне дыверсантаў і карэкціроўшчыкаў агню сталі звыклай справай. Іх кожны дзень затрымліваюць у Кіеве. "Яны таксама ёсць і на Львоўшчыне, Івана-Франкоўшчыне, Ровенщине. Гэтая праблема сёння ёсць паўсюль", — адзначыў кіраўнік украінскага МУС.

"В Украине не осталось мест, где отсутствует военная угроза" — 22-е утро войны
Напярэдадні пасля абстрэлу расійскіх войскаў гарэў рынак у Харкаве / @uniannet

Кіраўнік Сумскай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі распавёў, што расійскія вайскоўцы на занятай тэрыторыі не вельмі карэктна паводзяць сябе з мясцовымі жыхарамі.

"Вёскі, куды заходзіць вораг на начлег, пакутуюць ад рук фашыстаў больш за ўсё: рускія оркі ўрываюцца ў дамы, выганяюць людзей на вуліцы і забіраюць ежу! Рэжуць жывёлу і птушку", — напісаў ён, падводзячы вынікі дня.

У сераду, паводле яго слоў, у праціўніка "адбівалі свой Ахтырскі раён", ішлі баі і каля Трасцянца.

Ва ўкраінскім Генштабе кажуць, што за апошнія суткі "стан, становішча і характар дзеянняў сіл абароны істотных зменаў не мелі". Супернік "спрабуе замацавацца і ўтрымліваць абарону захопленых межаў".

З-за адсутнасці сур'ёзнага прагрэсу ў наземнай аперацыі, расійскія войскі робяць стаўку на "ракетна-бомбавыя ўдары па інфраструктуры і густанаселеных раёнах ўкраінскіх гарадоў", кажуць ва ўкраінскім Генштабе.

Там асобна падкрэслілі, што расійскія войскі працягваюць актыўна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для  ракетных удараў па Украіне. Акрамя таго, расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць аэрадромы і транспартную інфраструктуру Беларусі, а "беларускія органы з мэтай разведкі апытваюць грамадзян, якія перасякаюць украінска-беларускую мяжу".

"В Украине не осталось мест, где отсутствует военная угроза" — 22-е утро войны
Украінскія ўцекачы на ўкраінска-беларускай мяжы / БЕЛТА

Прадстаўніцтва Вялікабрытаніі пры ААН заявіла аб гатоўнасці склікаць пасяджэнне Савета Бяспекі. Ініцыятыву ўжо падтрымалі шэраг краін.

"Расія здзяйсняе ваенныя злачынствы і нацэльваецца на мірных жыхароў. Незаконная вайна Расіі супраць Украіны з'яўляецца пагрозай для ўсіх нас", — гаворыцца ў паведамленні, якое прыводзіць "Громадське".

Аб сітуацыі выказаўся і высокапастаўлены прадстаўнік Кітая. Вайна Расіі з Украінай не ідзе на карысць КНР, запэўнівае пасол гэтай краіны ў ЗША Цынь Ган. Артыкул апублікаваны ў The Washington Post. Ён таксама абверг сцвярджэнні аб тым, што Кітай ведаў пра падрыхтоўку Расіі да вайны, згаджаўся або моўчкі падтрымліваў яе.

"Калі б Кітай ведаў аб непазбежным крызісе, мы б зрабілі ўсё магчымае, каб прадухіліць яго", — заявіў дыпламат.

Тым часам, Федэрацыя працадаўцаў Украіны заклікала ўвесь бізнэс, які сёння можа працаваць, — адкрывацца, кааперавацца і дапамагаць адзін аднаму.

"Мы за тое, каб "План Маршала" ужо пачаў рэалізоўвацца на ўкраінскіх прадпрыемствах, якія працуюць або хочуць зноўку адкрыцца", — гаворыцца ў заяве Федэрацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі