Усё зрабілі ў Кітаі, нават рускі пост-рок

— Прывітанне, мы гурт Everything is made in China, і мы размаўляем па-руску.

— Мы гурт “Усё зроблена ў Кітаі”, і я зараз сказаў не на англійскай.
— І мы граем музыку. Інтэрнацыянальную, міжнародную, якая не мае межаў.
Музыка, як Radiohead узора “Амнэзіака”, шыкоўная візуалізацыя, ніякіх танцаў, а толькі задумлівае слуханне меланхалічных распеваў на англійскай мове. Гэта канцэрт гутра Everything is made in China, які адбыўся ў мінскім “Рэактары” 20 студзеня.



Гэты спецыфічны маскоўскі гурт выступае ў нас ужо другі раз. Арт-дырэктара Максіма Старцава не спужаў мінулы няўдалы канцэрт, які адбыўся акурат перад фэстам Бітугезэр. Ён верыў, што халоднай зімой, калі бракуе фэстаў і цеплыні, “Чайна” — тое, што патрэбна беларусам.


“У гурта Everything is made in China ёсць тое, чаго няма нідзе ў былым СНД — неверагодна атмасферная, казачная, добрая музыка, якая абуджае пачуцці", — сказаў Еўрарадыё Максім


Максім Старцаў: "Любы аматар музыкі, дзе ёсць хаця б адна гітара, мусіць ацаніць гэты гурт. Іх музыка багатая супер-гукам, неверагоднымі прымочкамі, музыка, якая нас здзіўляе."



Ячшэ Максім дадаў, што канцэрты “Чайны” ён будзе арганізоўваць і надалей, так што магчымасць пазнаёміцца з жывым гучаннем рускага пост-року ў вас яшчэ будзе.
А пакуль давайце звернемся да самога гурта і зразумеем, пра што яны спяваюць і чаму па-англійску?
Распавядае віджэй гутра Ілля Калеснікаў“Пра што спяюваюць? Пра сініх птушкак, пра самалёты, пра любоў, пра адзіноту. Паэзія Максіма, які піша ўсе тэксты, — гэта імпрэсіянізм”.


Аўтар тэкстаў Максім Фёдараў прызраўся ў інтэрв'ю Еўрарадыё, што пісаць на рускай мове ў яго пакуль проста не атрымліваецца:
“Насамрэч мы з ёй змагаемся, з рускай мовай. Яна занадта сэнсавая! Так, у яе ёсць патрэбная распеўнасць, але мы пакуль не знайшлі ключ, як спалучыць яе з нашай музыкай”.



А цяпер звернемся да цаніцеляў – публікі, якая ўважліва ківала галовамі ў такт напрацягу ўсяго канцэрту. Спачатку мы падыйшлі да тых, хто сядзеў і не ўставаў увесь канцэрт. “Чаму не танчыце?” — запытала Еўрарадыё.
— Я музыку прыйшоў паслухаць, мне падабаецца МУЗЫКА, я больш люблю СЛУХАЦЬ!

Другі слухач запэўніў, што такую музыку цікава слухаць нават без допінгаў.
— Крута, што не трэба не піць, не паліць, дастаткова паслухаць музыку — і можна ўляцець у Космас.

Трэці слухач, Віталь, звярнуў увагу на “карцінку”.
Віталь: “Не самы вясёлы гурт, але прыкольны. Добра, што ў іх ёсць відэаінсталяцыі, інакш было б нудна”.

Відэаінсталяцыі насамрэч былі, і вельмі ўдалыя, любоўна падабраныя да кожнай песні. Віджэй Ілля Калеснікаў, як аказалася, ніколі раней не займаўся відэаартам. А трапіў у гурт — і захапіла.
Ілля Калеснікаў: “На першым канцэрце ў нас увогуле гарэла адна толькі карцінка. А з гадамі ўсё гэта вырасла вось у такі відэарт”.

На прыканцы адзначым пачатак — малады гурт з Мінску Weelure, які быў на разагрэве. Два хлопцы, пакуль яшчэ сціплыя, бо далі другі канцэрт у сваім жыцці. Называюць сваю музыку хайтэкавай гукавай забавай. Пашукайце ў клубах гораду, раім.

Фота: Цімафей Скібенка (Gluctim)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі