Урад намаляваў Беларусь будучыні

Цягнікі з хуткасцю 300 кіламетраў у гадзіну рассякаюць прасторы роднай Беларусі; комплексныя пабудовы разам з паркоўкамі, зялёнымі зонамі, школамі і крамамі з’яўляюцца ва ўсіх гарадах; новыя дарогі і прырода-ахоўныя комплексы; адрамантаваныя масты і чыгункі.
Гэта не цытата з кнігі фантастыкі. Такой мусіць выглядаць Беларусь ужо ў 2015 годзе, паводле Генеральнага плану развіцця краіны, які пачаў дзейнічаць ужо з пачатку бягучага года.

Прайшлі тры месяцы. Ці праца зрушылася з месца? Мы і праз 8 год не ўбачым вынікаў, сцвярджае эканаміст Леанід Заіка:

“Урад павінен марыць. Неабходныя смелыя такія, цікавыя, прыгожыя планы, маляўнічыя карціны. Ведаеце, калі ў сям’і грошай няма, усе малююць сваю выдатную будучыню: дом пабудуем, паедзем адпачываць на Канарскія астравы. Людзі мараць, ну і не трэба ім перашкаджаць у гэтым!”

Аб чым жа мараць нашыя улады? Шматпавярхоўкі ў невялікіх населеных пунктах будавацца не будуць — не адпавядаюць архітэктурным і эстэтычным патрабаванням. У сельскай мясцовасці адновіцца сядзібная забудова.

Асабліва пашанцавала тым гарадам, якія знаходзяцца па лініі ад Брэсцкай да Віцебскай вобласці. Яны створаць так званую “вось урбанізацыі”. Гэта значыць, гарады, якія на ёй знаходзяцца — а гэта Брэст, Белаазерск, Баранавічы, Барысаў, Орша — будуць развівацца эканамічна. Чаму менавіта гэты кірунак? Адказвае адзін з распрацоўшчыкаў Генплана, намеснік дырэктара прадпрыемства “БелНІІПгорадабудаўніцтва” Дзмітрый Семянкевіч:

“Гэта ж тыя ўмовы, якія ўжо практычна склаліся. І калі гэта міжнародная дарога, то актыўнасць жыцця і росту гарадоў там нашмат вышэйшая. То бок, мы ў нашым праекце хочам выкарыстаць умовы, якія ўжо склаліся, таму што развіццё гарадоў уздоўж гэтай “восі” найбольш эфектыўнае”.

Акрамя таго, уздоўж гэтай восі найбольш устойлівы ландшафт. Таму там можна будаваць новыя гарады і дарогі без парушэння экалагічнай раўнавагі. А што ж будзе з тымі рэгіёнамі, якія не так устойлівыя? Гаворыць Дзмітрый Семянкевіч:

“Яны таксама будуць развівацца. Аднак у аснове іх развіцця павінна быць не прамысловасць, а развіццё экалагічнага турызму, рэкрэацыі, сельскай гаспадаркі і іншых дапаможных галінаў. Але тых галінаў, якія не прывядуць да актыўнай урбанізацыі, то бок развіцця буйных гарадоў”.

Паводле Генплану пачнецца будаўніцтва аб’язных трас і кальцавых дарог. Аўтамабільны рух будзе абмежаваны ад веласіпеднага. На збудаванай чыгунцы Брэст—Мінск—Масква цягнікі пабягуць з хуткасцю да 300 кіламетраў у гадзіну. Самыя грандыёзныя перамены чакаюць Оршу, Барысаў, Мазыр, Маладзечна, Нарач, Ліду, Пінск, Жлобін, Бабруйск і Салігорск. Там пабудуюць аэрапорты. Але не так хутка. Працягвае Дзмітрый Семянкевіч:

“На самой справе ў гэтым праекце не закладваецца іх будаўніцтва. Мы рэзервуем з’яўленне такіх аэрапортаў побач з гарадамі, напрыклад, у зонах нацыянальнага адпачынку. Калі з’явіцца неабходнасць і фінансавая магчымасць пабудаваць аэрапорт на Нарачы, у нашай дакументацыі будзе ўжо вызначанае месца для гэтага”.

Навошта такія затраты? І дзе нашыя ўлады, якія распрадаюць свае прадпрыемствы і просяць крэдыты, возьмуць грошы на капітальны рамонт краіны? Леанід Заіка лічыць, што гэтае пытанне не цікавіць наш урад:

“Я б не сказаў, што праблема “дзе ўзяць грошы” – прынцыпова самая важная. Самай важнай праблемай з’яўляецца тое, хто і як гэта будзе рабіць. Я ўпэўнены, перш за ўсё, у адным, што ў 2015 годзе ні прэм’ер-міністр, ні міністр эканомікі працаваць не будуць. Яны за гэтыя планы адказваць не будуць”.

Ды і самі распрацоўшчыкі пацвярджаюць, што фінансавы бок гэтага праекту — не галоўнае:

Дзмітрый Семянкевіч: “Гэты дакумент не фінансавы. У ім не прадугледжваюцца такія грошы. То бок, ідэя такая: гэты план прыняты і зацверджаны кіраўніком дзяржавы, і цяпер ужо галіны будуць вышукваць фінансавыя рэсурсы і згодна з нашымі тэрмінамі ўсё гэта пераўтвараць у жыццё”.

Што ж, “выкручвайцеся, як хочаце, толькі дайце нам памарыць”. У беларусаў заўсёды была развітая народная творчасць. Відаць, цяпер за стварэнне фальклору ўзялося само кіраўніцтва дзяржавы.


Фота — www.skyscraperpage.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі